Генеральная пракуратура адмовіла лідэру Аб`яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатолю Лябедзьку ў выключэнні са спісу невыязных з Беларусі.

Як паведаміў палітык 2 лютага на прэс‑канферэнцыі ў офісе Партыі БНФ, на свой зварот у Генеральную пракуратуру па пытанні правамернасці абмежавання ў праве на выезд за межы Беларусі ён атрымаў адказ праз два месяцы. «У адказе гаворыцца: «Для высвятлення абставінаў, неабходных для прыняцця абгрунтаванага рашэння па Вашым звароце, у органы пракуратуры Расійскай Федэрацыі быў накіраваны адпаведны запыт. Да гэтага часу адказу на яго няма, што перашкаджае прыняццю рашэння па гэтым пытанні», — сказаў А.Лябедзька.

Палітык нагадаў,

што падставай для ўключэння ў спіс невыязных з Беларусі стала крымінальная справа, заведзеная ў адносінах да яго пяць гадоў таму па артыкуле «Абраза прэзідэнта Беларусі».
«Справа распачата ў сувязі з інтэрв`ю, якое я даў Мікалаю Сванідзэ і праграме «Зеркало». Я не ведаю, які запыт быў накіраваны ў пракуратуру Расіі і з чым ён звязаны, бо касета з запісам інтэрв`ю ёсць у матэрыялах справы. Я прасіў беларускую Генпракуратуру або перадаць справу ў суд і судзіць мяне за злачынства, што мне інкрымінуецца, або закрыць крымінальную справу. Ні таго, ні другога пакуль не зроблена», — заявіў А.Лябедзька.
«Я лічу, што такім адказам пракуратура проста распісваецца ў тым, што яна не мае аўтарытэту не толькі ўнутры краіны, але і за яе межамі.
Агульнавядома, што наша Генпракуратура сумесна са сваімі расійскімі калегамі стварыла нават сумесную калегію, каб аператыўна вырашаць пытанні, што тычацца агульных праблем. І атрымліваецца, што, маючы такую высокую ступень інтэграцыі, яны не могуць атрымаць ад сваіх калег проста пісьмовы адказ», — зазначыў А.Лябедзька.

У сувязі з гэтым палітык мае намер абскардзіць сваё ўключэнне ў спіс часова невыязных у судзе. А.Лябедзька таксама не выключае, што сам звернецца ў органы пракуратуры Расіі, з тым каб атрымаць ад іх пісьмовы адказ.

Сяргей Пульша, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0