30 студзеня камісія па СМІ Міністэрства спорту не задаволіла заяўку найбуйнейшай спартыўнай газеты краіны «Прессбол» на акрэдытацыю на зімовыя Алімпійскія гульні ў канадскім Ванкуверы.Гэтае рашэнне яшчэ мусіць зацвердзіць выканкам Нацыянальнага алімпійскага камітэту. Аднак не цяжка спрагназаваць чыю пазіцыю зойме выканкам.
Камісія прыняла рашэнне акрэдытаваць на Алімпіяду журналістаў «Советской Белоруссии», «Рэспублікі», «Спортивной панорамы» і БЕЛТА.Прычым, двое апошніх СМІ змогуць адправіць у Ванкувер і фотакарэспандэнтаў. Таксама будзе адмысловы зварот у МАК з просьбай выдзеліць яшчэ адно месца для журналіста «Звязды».
Як адзначыў прэс‑сакратар НАК Пётр Рабухін: «Прессбол» часта друкуе неправераную інфармацыю. Мякка кажучы, казкі выдае за жахі, а жахі за казкі».
Вядомы тэлекаментатар Уладзімір Навіцкі рашэнне камісіі па СМІ пракаментаваў так: «Я галасаваў за тое, каб за кошт дзяржавы на Алімпійскія гульні ездзілі прадстаўнікі выключна дзяржаўных выданняў».
Нагадаем, што год таму за шэраг скандальных публікацый «Прессбол» пазбавілі акрэдытацыі на летнія Алімпійскія гульні ў Пекіне. З сталіцы Кітаю для «Прессбола» пісалі некалькі журналістаў з іншых выданняў Расіі і Беларусі.





