На гэтым тыдні на вуліцы Зыбіцкай у Мінску запрацаваў бар «П’яная вішня». Ідэя яго простая: у бары прадаецца ўсяго толькі адзін прадукт, а менавіта — вішнёвая настойка.

Няма закусак, няма месца для пасядзелак. Заходзіш у бар, плаціш грошы — табе наліваюць настойку ў прыгожы келіх (калі пакідаеш 5 рублёў у заклад; калі не, то ў пластыкоўку), выпіваеш і ідзеш тусавацца далей.

Нешта знаёмае? Цалкам сабе. Многія беларусы маглі бачыць падобныя міні-бары ў недалёкім Львове. Украінская «П’яная вішня» вельмі папулярная ў турыстаў, няхай там і наліваюць не самы выкшталцоны напой, але атмасфера і даступныя цэны спрыяюць таму, што ва ўстанове заўсёды чэргі.

Ва ўкраінскіх барах таксама не пасядзіш, яны разлічаныя на хуткае спажыванне.

Падабенствы відавочныя. Хіба што

на лагатыпе беларускай «П’янай вішні» абскубаны певень — яго, дарэчы, намаляваў вядомы дызайнер Уладзімір Цэслер, а на ўкраінскай — паўголая паненка, якая хавае грудзі за дзвюма аграмаднымі вішнямі.

Адзначым таксама, што інтэр’ер «П’янай вішні» на Зыбіцкай аформлены выключна па-беларуску. Заснавальнікі ў інтэрв’ю казалі, што зацікаўленыя ў прыняцці на працу белмоўных супрацоўнікаў, якія могуць спакойна падтрымліваць размову па-наску. Для тусовачнай Зыбіцкай цэны ў «Вішні» цалкам сабе дэмакратычныя.

Толькі адгрымелі першыя рэцэнзіі і водгукі на новую ўстанову, як прыйшла рэакцыя з Украіны.

Адзін з заснавальнікаў украінскай «П’янай вішні» Андрэй Худо напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку:

«Чарговы плагіят нашых праектаў. На гэты раз адзначыліся «браты-беларусы» з Мінска. Да мяне звярталіся некалькі разоў пра куплю франшызы нашага бара «П’яная вішня». Мы адмаўляліся праз палітычныя прычыны. Веру, што калісьці Беларусь зменіцца і мы зможам паказаць, што такое бізнэс у стылі фанк па-львоўску».

Пост спадара Худо выклікаў дастаткова жывое абмеркаванне ў фэйсбуку. Каб зняць некаторыя пытанні, мы звярнуліся да заснавальніка мінскай «П’янай вішні» Сяргея Клянцова.

«Ніякага плагіяту няма. У нас арыгінальная рэцэптура, настойка вырабляецца ў вёсцы Манькавічы Столінскага раёна. Калісьці там Радзівіламі быў заснаваны бровар. Разумееце, сама фраза «п’яная вішня» існавала ў нас на Палессі спрадвеку. Там кажуць «п’яна вышня» — з палескім акцэнтам. У Беларусі такога таварнага знака не існавала.

І, напрыклад, у Расіі таварны знак «П’яная вішня» быў зарэгістраваны значна раней, чым ва Украіне. Мы ўсё рабілі згодна з беларускім заканадаўствам», — тлумачыць Сяргей Клянцоў.

Бізнэсмен кажа, што яны сапраўды звярталіся ва Украіну наконт набыцця франшызы «П’яная вішня», але сутыкнуліся з адмовай. «Наконт палітычных прычынаў нічога не ведаю, але нам сказалі, што з Беларуссю яны не працуюць: малая магутнасць»,— расказвае спадар Клянцоў.

Ці юрыдычна карэктнае выкарыстанне брэнда «П’яная вішня» ў Мінску? Пра гэта мы спыталі адвакатку Марыю Колесаву-Гудзіліну. «Калі таварны знак «П’яная вішня» зарэгістраваны ва Украіне, то стаіць пытанне, ці набывалі яны абарону правоў на тэрыторыі Беларусі. Калі так, то яны могуць запатрабаваць спынення выкарыстання наймення «П’яная вішня» ў Беларусі альбо атрымліваць грошы за яго выкарыстанне.

Калі нават украінцы не маюць таварнага знака з правам прыярытэту ў Беларусі, то яны могуць атрымаць яго цяпер. У такой сітуацыі ўкраінскі бок цалкам можа атрымліваць прыбытак за выкарыстанне наймення «П’яная вішня», — тлумачыць спадарыня Колесава-Гудзіліна.

У любым выпадку гісторыя з «П’янай вішняй» можа мець працяг. І не факт, што ўкраінцы вырашаць проста змірыцца з існаваннем у Мінску бара з такой жа назвай і канцэпцыяй, як у Львове.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?