3 лютага гурт сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса» прэзентаваў свой новы, дзевяты па ліку альбом. У ім сабраная танцавальная музыка ад позняга сярэднявечча да ранняга барока, занатаваная ў Вялікім Княстве Літоўскім (зборнік «Полацкі сшытак») і краінах Заходняй Еўропы. Назву альбому даў малавядомы дагэтуль беларускі танец «Дрыгула».

Дэманструючы прэсе новы дыск, кіраўнік гурту Зміцер Сасноўскі зазначыў, што на ім «Стары Ольса» ўпершыню грае музыку барока. Адмыслова для гэтага давялося замовіць пяць новых, адпаведных часу стварэння музыкі, інструментаў. Іх зрабілі паводле барочных гравюраў беларускія майстры Валер Зянкевіч, Тодар Кашкурэвіч і Сяргей Смут. Але, захоўваючы аўтэнтызм інструментаў, музыкі дазволілі сабе ўласныя імправізацыі. Зміцер Сасноўскі патлумачыў прысутным такі творчы падыход.

«Мы ўпершыню сабе дазволілі, насуперак крытыцы з боку акадэмічных музыкаў, ня проста ўзяцца за барока і выконваць яго на аўтэнтычных інструментах — кожная кампазіцыя мае абгрунтаванне, якія інструменты ў ёй гучаць — але яшчэ і зрабіць свайго ўзроўню аранжыроўкі, не падобныя да акадэмічных, якія, паводле апошніх нашых даследаванняў, маглі прысутнічаць у той час».

Альбом складзены з танцавальных мелодый. Канцэртная прэзентацыя адбудзецца 14 лютага ў залі «Мінск».

Пляцоўка гэтая вядомая тым, што ахова і міліцыянты сурова спыняюць усялякія спробы публікі пусціцца ў скокі. На такую акалічнасць спадар Сасноўскі зазначыў наступнае:

«Гэта складанасці і нюансы нашага беларускага шоў‑бізнесу. Я ня ведаю, чаму так склалася, што ў гэтай залі таньчыць немагчыма. А людзі захочуць, бо многія ведаюць гэтыя танцы. Мы даўно іх выконваем, але запіс цягнуўся вельмі доўга, і толькі цяпер скончылі. Многія прадстаўнікі танцавальных гуртоў і рыцарскіх клубаў гэтыя танцы ўжо развучылі».

А вось лютніст гурту Ілля Кубліцкі лічыць, што канцэртная зала «Мінск» якраз адпаведная:

«У клюбы ходзіць моладзь, 90 адсоткаў там — моладзь. А ў залі ходзіць і моладзь, і больш сталага пакалення людзі. Таму хацелася б прэзентаваць гэты альбом больш шырокаму колу людзей».

Альбом «Дрыгула» выдадзены пры падтрымцы Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» і фундатаркі з ЗША Ірэны Каляды‑Смірновай. Растыражавала дыск «Беларуская музычная альтэрнатыва». У афармленні вокладкі выкарыстаны малюнак 17 стагоддзя, які захоўваецца ў музеі кляштару брыгітак у Горадні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?