Расейская Дзярждума прыняла змены ў закон пра аўтарскае права, якія ставяць пад пагрозу пераследу кожны клік.
Правайдэраў зрабілі адказнымі за «пірацкі» кантэнт у іхніх сетках, а грамадзянам давядзецца ў судзе даказваць «неабходнасьць» нават капіравання карцінкі з акна праглядчыка.
Даслоўна ў законе напісана: «Дапускаецца без згоды аўтара ці іншага правааўладальніка і без выплаты ўзнагароджання ўзнаўленне грамадзянінам пры неабходнасці і выключна ў асабістых мэтах правамерна абнародаванага твору».
Эксперты тлумачаць: гэта значыць, што капіраваць у асабістых мэтах цяпер можна толькі калі ў карыстальніка ёсць такая неабходнасць, наяўнасць якой шчэ давядзецца даказваць міліцыі, пракуратуры, юрыдычным кампаніям, суду й да т.п. Нават тады, калы карыстальнік проста выпадкова пстрыкнуў правай кнопкай мышы па непатрэбнай яму карцінцы ў праглядчыку.
Да ўсяго правайдэры будуць адказваць, калі кантэнт, змешчаны іхнімі карыстальнікамі, акажацца «пірацкім», хоць як адрозніць легальнасць кантэнту, ніхто не ведае.
Разам з тым, аналітыкі адзначаюць, што некаторыя праекты расейскіх заканадаўцаў нібыта спецыяльна створаныя для таго, каб іх адрынуў прэзыдэнт. У выпадку з папраўкамі ў закон пра аўтарскае права гэта больш чым верагодна, бо кагадзе Дзмітрый Мядзведзеў заявіў: «Свабода слова мусіць быць забяспечана тэхналагічнымі навацыямі. Досвед паказаў, што ўгаворваць чыноўнікаў «кінуць у спакоі» СМІ практычна бескарысна. Трэба не ўгаворваць, а як мага актыўней пашыраць вольную прастору інтэрнэта й лічбавай тэлевізіі. Ніякі чыноўнік не зможа перашкаджаць дыскусіям у інтэрнэце ці цэнзураваць адразу тысячу каналаў…», адзначае «Новый Регион».
Тым часам і ў Еўразвязе не спяць у шапку, а плануюць разабрацца з папулярнымі торэнт-сістэмамі — узаемным файлаабменам незнаёмых карыстальнікаў.
Метад не адрозніваецца арыгінальнасцю: адказваць за несанкцыянаваныя абмены давядзецца правайдэрам. Яны ж будуць вымушаныя сачыць за сваімі кліентамі й адключаць іх ад інтэрнету.
Некаторыя эксперты ўжо назвалі гэткія прапановы «бязглуздымі й супярэчнымі законам Эўразвязу й здароваму сэнсу». Тым не менш, галасаванне па іх адбудзецца найбліжэйшым часам.