У расійскай дзяржкарпарацыі «Расатам» заявілі, што выбух 8 жніўня пад Северадзвінскам адбыўся падчас выпрабавання ракеты з радыеізатопным элементам у рухавіку. У выніку выбуху загінулі пяць супрацоўнікаў «Расатама», яшчэ трое атрымалі траўмы і апёкі рознай ступені цяжкасці, піша bbc.com.

«Выпрабаванні ракеты праходзілі на марской платформе. Пасля завяршэння выпрабаванняў адбылося ўзгаранне паліва ракеты з наступнай дэтанацыяй», — гаворыцца ў паведамленні ведамства.

«Пасля выбуху некалькі супрацоўнікаў былі адкінутыя ў мора, і была надзея знайсці іх жывымі. Пошукі працягваліся да таго часу, пакуль заставалася надзея знайсці тых, хто выжыў.

«Толькі пасля гэтага было заяўлена пра гібель пяці супрацоўнікаў Расатама, якія займаліся працамі, звязанымі з радыеізатопнай крыніцай сілкавання, што знаходзілася ў складзе ракеты», — заявілі ў дзяржкарпарацыі.

Радыеізатопныя крыніцы сілкавання выкарыстоўваюць энергію, якая ўтвараецца ў выніку радыеактыўнага распаду.

«Росатам» апублікаваў імёны супрацоўнікаў Расійскага федэральнага ядзернага цэнтра — Усерасійскага навукова-даследчага інстытута эксперыментальнай фізікі (Сароў, Ніжагародская вобласць), якія загінулі падчас выбуху ў Архангельскай вобласці.

Гэта Аляксей В'юшын, Яўгеній Каратаеў, Вячаслаў Ліпшаў, Сяргей Пічугін, Уладзіслаў Яноўскі.

У паведамленні «Расатама» загінуўшых назвалі нацыянальнымі героямі і элітай Сароўскага ядзернага цэнтра. Усе яны прадстаўленыя да дзяржаўных узнагарод.

Версія з «Буравеснікам»

Раней Мінабароны Расеі паведамляла, што пры выбуху на палігоне пад Северадзвінскам, дзе выпрабоўвалі вадкасны рэактыўны рухавік, загінулі два чалавекі.

Эксперты, апытаныя агенцтвам Рэйтэр ў ноч на суботу заўважылі ў гэтай версіі неадпаведнасці.

«Пры выбуху вадкапаліўнага рухавіка радыяцыйнага скачка не адбываецца, а нам вядома, што рускія даўно працуюць над нейкім ядзерным рухавіком для крылатай ракеты», - сказаў у інтэрв'ю агенцтву член Федэрацыі навукоўцаў ЗША Анкіт Панда.

Эксперты выказалі здагадку, што выпрабоўваць маглі ракету 9М730 «Буравеснік», пра якую ўпершыню распавёў Уладзімір Пуцін у пасланні Федэральнаму сходу 1 сакавіка 2018 года. СМІ паведамлялі, што гэтая ракета абсталявана ядзерным паветрана-рэактыўным маршавым рухавіком.

Радыяцыйны фон

У Мінабароны РФ раней паведамлялі, што радыяцыйны фон пасля выбуху быў у норме, шкодных выкідаў у атмасферу не зафіксавана.

Тады ж прэс-служба адміністрацыі Северадзвінска паведаміла, што было зафіксавана кароткачасовае павышэнне радыяцыйнага фону.

«У 11.50 8 жніўня датчыкі АСКРС (аўтаматызаваная сістэма кантролю радыяцыйнага становішча) у Северадзвінску зафіксавалі кароткачасовае павышэнне радыяцыйнага фону», - гаварылася ў паведамленні адміністрацыі.

Пасля гэтага фон зніжаўся, і на 14:00 паказанні датчыкаў не перавышалі 0,11 мікразівертаў у гадзіну пры максімальна дапушчальных 0,6 мікразівертаў у гадзіну, сцвярджалі ў прэс-службе.

У суботу МНС заявілі, што радыяцыйны фон у раёнах каля палігона, дзе адбыўся выбух, не перавышаны, а паведамленне пра перавышэнне знікла і з сайта гарадской адміністрацыі, адзначае РБК.

Намеснік капітана марскога порта Архангельска Сяргей Козуб паведаміў РБК, што пасля выбухаў вайскоўцы зачынілі раён Дзвінскага заліва Белага мора для суднаходства. Паводле яго слоў, забарона на плаванне была ўведзеная з 9 жніўня па 10 верасня. Козуб назваў гэта «звычайнай гісторыяй». Порт Архангельска застаецца адкрытым.

Версіі СМІ

У пятніцу выданне Baza паведаміла, што шасцярых пацярпелых адправілі ў Маскву самалётамі санавіяцыі.

«У пацярпелых - два дыягназы. Першы - відавочны: цяжкія выбуховыя траўмы, такія раненні чалавек атрымлівае, знаходзячыся паблізу ад месца моцнага выбуху. Але ў іх ёсць і другі дыягназ: радыяцыйнае апрамяненне», - сцвярджала выданне.

Пацярпелыя ў выніку выбуху на палігоне накіраваныя ў Маскву, пацвердзілі ў пятніцу ў прэс-службе ўрада рэгіёну. Пры гэтым там не ўдакладнілі, колькі пацярпелых, у якім стане і з якім дыягназам.

Агенцтва Інтэрфакс паведамляла, што ў дзень здарэння ў аптэках Архангельска рэзка вырас попыт на прэпараты з утрыманнем ёду.

«Учора скупілі ўсе. Спачатку ёд ў таблетках, ёдамарын, затым звычайны ёд і ёдзісты калій. Ажыятаж пачаўся каля 17.00 і да самага закрыцця ўсё разабралі. Людзі перад касай абмяркоўвалі навіны пра радыяцыю ў Северадзвінску, аб выбуху ў вайскоўцаў», - распавяла агенцтву фармацэўт адной з архангельскі аптэк.

«МНС адпрацавала інструкцыю: зачыніць вокны і дзверы ў дзіцячых садках і бальніцах, завадская бальніца правяла дэзактывацыю ў [касцюмах] хімабароны, хворых не пусцілі да лекараў, зачынілі шлагбаўм для хуткіх. Па навінах не абвяшчалі, проста абзвоньвалі бальніцы і школы. Дзіўна, што не было абвяшчэння і сірэны - павінны былі ўключыць па ідэі, пры атрыманні вымярэння, што ў два разы перавышае нармальны радыяцыйны фон. І вуліцы паліваць, і траву вывезці з газонаў. Ёд і праўда скупілі», - расказала крыніца Бі-бі-сі ў Северадзвінску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0