9 жніўня за 5 кіламетраў ад Кіраўска ў кювеце знайшлі аўтамабіль. Кіроўцы ў транспартным сродку не аказалася, паведамляе міліцыя.

Пазней праваахоўнікі знайшлі ўладальніка аўтамабіля. Аднак 59-гадовы мясцовы жыхар адмаўляў, што трапляў у ДТЗ, бо яго транспартны сродак стаіць у гаражы, і ён на ім нікуды не выязджаў. Якое ж было яго здзіўленне, калі аўтамабіля там сапраўды не аказалася.

Высветлілася, што незадоўга да гэтага, пасля сумеснага распівання спіртных напояў, 26-гадовы пляменнік аўтаўладальніка, раней судзімы за крадзеж, вырашыў пакатацца па наваколлі. Ён непрыкметна ўзяў ключы ад гаража і выехаў адтуль ужо на транспартным сродку — дакументы і ключы запальвання знаходзіліся ў салоне.

Ад'ехаўшы ад горада, мужчына не справіўся з кіраваннем і вылецеў у кювет. З месца ДТЗ ён з'ехаў, пра здарэнне нікому не паведаміў.

Цяпер мужчыне пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да пяці гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0