У чацвер «Малады Фронт» накіраваў у Канстытуцыйны суд заяву з заклікам прызнаць падпісаныя 3 і 4 лютага дамовы з Расіяй неадпавядальнымі беларускаму заканадаўству.
Моладзевая арганізацыя таксама папярэдзіла Аляксандра Лукашэнку і суддзяў Канстытуцыйнага суда аб крымінальнай адказнасці за парушэнне Канстытуцыі.
3 лютага Аляксандр Лукашэнка падпісаў пагадненьне аб стварэньні адзінай рэгіянальнай сістэмы супрацьпаветранай абароны (СПА) паміж Беларуссю і Расіяй. Таксама было прынята рашэньне да 1 красавіка распрацаваць пагадненьне, якое прадугледжвае дзеяньне ў справе наданьня расейскаму рублю функцыяў рэгіянальнай рэзэрвовай валюты. Адразу пасьля перамоваў расейскі бок заявіў пра магчымую выдачу Беларусі крэдыту ў памерах 100 млрд. рублёў, пра што яшчэ тыдзень таму прадстаўнікі расейскіх уладаў адмаўляліся весьці гаворку. Гэтыя дзеяньні сьведчаць пра выключна прадажны характар беларуска‑расейскіх стасункаў, лічыць «Малады Фронт».
4 лютага Аляксандрам Лукашэнкам была падпісана дамова аб стварэньні калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы. Кіраўнік Расейскай Фэдэрацыі зазначыў, што дадзенае вайсковае фармаваньне будзе дастатковым па сваім памеры і ўкамплектаваным сама сучаснай тэхнікаю, што мусіць зрабіць яго па баявым патэнцыяле ня горшым, чым сілы Паўночнаатлянтычнага альянсу.
Такім чынам, вайсковы блёк, створаны ў межах АДКБ, ёсьць яскрава выражаным супрацьпастаўленьнем іншым краінам і вайсковым блёкам, што не адпавядае інтарэсам беларускага народу і парушае арт.18 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, паводле якога нашая краіна зьяўляецца нэйтральнай дзяржаваю.
«Малады Фронт» пратэстуе супраць антыканстытуцыйных і антыдзяржаўных дамоваў Лукашэнкі і заклікае Канстытуцыйны суд Беларусі прызнаць неадпавядальнымі беларускаму заканадаўству падпісаныя Лукашэнкам дамовы.
«Малады Фронт» папярэджвае і Аляксандра Лукашэнку, і судзей Канстытуцыйнага суду аб крымінальнай адказнасьці за парушэньне канстытуцыйных нормаў арт.1, арт.9, арт.18 Разьдзела І Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.