Цэлы шквал удакладненняў і абвяржэнняў пасыпаўся па вяртанні афіцыйнай дэлегацыі з саміту АДКБ і ЕўрАзЭС з Масквы. І рубля не будзе, і ваяваць за Расію не прыйдзецца, і Антыкрызісны фонд трэба ўзважыць.

«Удзел Беларусі ў Калектыўных сілах аператыўнага рэагавання (КСАР) АДКБ не прадугледжвае задзейнічання беларускіх ваеннаслужачых у якіх‑небудзь ваенных канфліктах за межамі Беларусі. Аб гэтым паведаміў журналістам прадстаўнік беларускай дэлегацыі, якая суправаджала Аляксандра Лукашэнку ў час візіту ў Маскву, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Удзел Беларусі ў Калектыўных сілах аператыўнага рэагавання прадугледжвае, што тыя часці і падраздзяленні, якія будуць выдзелены ў склад КСАР, знаходзяцца пад юрысдыкцыяй нацыянальнага заканадаўства. Яны ні ў якім выпадку не выводзяцца са складу Узброеных Сіл і іншых сілавых структур у якасці нейкага асобнага кампанента і выконваюць свае задачы ў складзе рэгіянальнай беларуска‑расійскай групоўкі войскаў на заходнім напрамку», — падкрэсліў суразмоўца.

Гэтую заяву «крыніцы» растыражавалі БЕЛТА і ўсе дзяржаўныя СМІ, што можа быць выявай непапулярнасці ў беларускім грамадстве ідэй абароннай інтэграцыі з нестабільнымі краінамі былога СССР.

Аналагічныя абвяржэнні прагучалі і адносна пераходу на адзіную валюту і фінансавых пагадненняў,
якія таксама ставяць пад сумнеў базавыя міфалагемы лукашэнкаўцаў аб рэжыме як «гаранце суверэнітэту» і яго нечуваных эканамічных поспехах.

Каменціруючы паведамленні аб «быццам бы прыняцці нейкага плана па ўвядзенні расійскага рубля ў якасці адзінай валюты саюзнай дзяржавы», міністр замежных справаў Сяргей Мартынаў падкрэсліў, што гэта — некарэктная інтэрпрэтацыя не вельмі ўважлівых журналістаў асобных расійскіх СМІ. «Размова аб гэтым не ішла. Размова ішла аб тым, што вышэйшае дзяржрады прынята рашэнне да 1 красавіка распрацаваць пагадненне, якое прадугледжвае дзеянне па наданню расійскаму рублю функцыі рэгіянальнай рэзервовай валюты. Рэгіянальная рэзервовая валюта і адзіная валюта саюзнай дзяржавы — гэта прынцыпова розныя рэчы.

Паміж гэтымі дзвюма з'явамі вялікая дыстанцыя прынцыповага маштабу», - адзначыў С. Мартынаў.

Нават наконт разрэкламаванага Антыкрызіснага фонду замахалі рукамі: «Да вызначэння мэт, задач і памеру фонду, які плануецца стварыць у рамках ЕўрАзЭС, неабходны ўзважаны і абгрунтаваны падыход. Такую думку выказаў у размове з карэспандэнтам БЕЛТА прадстаўнік беларускай дэлегацыі», якая суправаджала Аляксандра Лукашэнку ў Маскву. «Эксперты мяркуюць, што ва ўмовах крызісу

адцягненне сродкаў з бюджэту на фарміраванне такога фонду з'яўляецца праблематычным», — працягвае лукашэнкаўскае агенцтва.

Паспешлівасць, з якой лукашэнкаўцы адхрышчваюцца ад таго, што падаецца Масквой як адбытыя факты і пад чым стаяць подпісы кіраўніка беларускай дзяржавы, тлумачыцца таксама бояззю, што занадта адданы ўдзел у амбітных планах Масквы па выдушванні Захаду з постсавецкай прасторы можа каштаваць беларускім уладам так патрэбных ім крэдытаў, без якіх не ўдасца ўтрымаць заробкі хоць на цяперашнім узроўні.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру