Больш за ўсё прэзентацыя восьмага нумару альманаха сучаснае культуры pARTisan нагадвала славуты фотаздымак безымяннага аўтара «Партызаны на адпачынку ў Крыме».

Калі цягнікі культур-канкурэнтаў паскіданыя, масты-міфы дэканструяваныя, нон-канфармісцкія бандыты-адшчапенцы прылашчаныя і ўлагоджаныя. Калі чарговы нумар часопісу выпушчаны. Тут можна і перакурыць. А пра што гавораць партызанаўцы, калі над лясной палянай сціхаюць крыклівыя «вам‑заданні» і сканчаюцца прасунутыя «містэрыі‑акупацыі»? Вядома, пра Бога. Тым больш што сам восьмы нумар pARTisan’у быў прысвечаны веры і яе ролі ў творчым працэсе. Адзін з аўтараў філосаф Валянцін Акудовіч параўнаў Усявышняга з антыкрызісным менеджэрам, які прыходзіць, толькі калі нам кепска, а так мы патрэбы ў ім не маем.

І бянтэжыў пытаннямі прысутных партызанскіх Дэздэмон, ці ж маліліся яны сёння зрання і ці будуць яны ўвечары?

Вядоўца, культуролаг Максім Жбанкоў зазначыў, што сучасны чалавек — атэіст і параўнаў паход на канцэрт Леанарда Коэна (пэўна маючы на ўвазе вопыт канадыйскай герыльі, бо канцэрты Коэна ў «Казе» нешта не прыпамінаюцца) да паходу ў царкву, куды мы таксама ідзем па цуды і ўзнёслыя эмоцыі.

Мастак і пісьменнік Артур Клінаў у чорным строі ляснога капелана прапаведаваў рэвалюцыю ў айчынным мастацтве, якая неўзаметкі, але ўсё ж адбываецца цяпер, і прэзентаваў яе рэчдок — свой мастацкі альбом, што першым выйшаў у серыі «Калекцыя пАРТызана».

Дарэчы, неўзабаве плануецца выдаць мастацкія альбомы, прысвечаныя Вашкевічу і Кашкурэвічу. Наагул, паводле рэдкалегіі pARTisan’у мусяць выйсці каля 30 альбомаў актуальнага беларускага мастацтва. Пасля прэзентацыі альбому пачалася культурная частка — гламурна‑сакральны відэа‑арт ад хлопцаў з an angelico group. І на завяршэнне адмыслова для вернікаў і паняверцаў зухавата ўрэзаў музычны пазітыў «дэструктыўны пажарны аркестр» Андрэя Такінданга «Гаротніца».

Такая лагода і суладдзе ў лясных лагерах нашай культуры ўсталёўваецца толькі ў двух выпадках: калі мастак‑партызан перамог ўсіх нехарошых, або наадварот — калі, набіўшы гузакі, не раўнуючы Том Круз, ці не ў трэці раз пераканаўся, што місія немагчымая.

прэзентацыя восьмага нумара часопіса "pARTisan" Максімам Жбанковым:

param>

прэзентацыя праекта «Калекцыя пАРТызану» Артурам Клінавым:

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру