Эстонія не купляе наўпрост беларускую электраэнергію, але калі такая электраэнергія, у тым ліку з Беларускай АЭС, пачне паступаць на рынак краін Балтыі праз іншыя краіны, то яе спажыванне магчымае і ў Эстоніі, піша ERR.

«Калі гандаль з трэцімі краінамі ідзе праз Латвію ці Літву, то на рынак краін Балтыі трапляе электраэнергія з трэціх краін. З улікам структуры рынку, немагчыма сказаць, з якой канкрэтна электрастанцыі. Паколькі Беларуская АЭС знаходзіцца ў цесна звязанай з краінамі Балтыі сістэме, то імаверна, што на гэты рынак трапіць і вырабленая на ёй электрычнасць», — паведаміў віцэ-канцлер па пытаннях энергетыкі Міністэрства эканомікі і камунікацый Эстоніі Ціма Татар.

Паводле яго слоў, Літва, якая выступае рэзка супраць Беларускай АЭС, афіцыйна не прасіла Эстонію байкатаваць гэтую электраэнергію, але абмен інфармацыяй на ўзроўні чыноўнікаў на гэтую тэму быў. Татар адзначыў, што такія рашэнні знаходзяцца ў кампетэнцыі Еўрапейскай камісіі, і калі камісія выступіць з ініцыятывай з нагоды АЭС, то Эстонія была б гатова яе падтрымаць.

Татар растлумачыў, што пасля запуску АЭС у Астраўцы ў Літве павінен уступіць у сілу закон аб спыненні гандлю электраэнергіяй з Беларуссю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0