Пра прызначаны суд паведаміла сама пляцоўка «Зручны горад. Petitions.by» у сацсетках.

Petitions.by — праект некамерцыйнай арганізацыі са складанай назвай «Кансультацыйны цэнтр імплементацыі інфармацыйных тэхналогій у грамадзянскай супольнасці «Сівік Тэк».

Гэта сайт, створаны для збору подпісаў пад рознага роду петыцыямі. Пасля петыцыя накіроўваецца ў адпаведную дзяржаўную ўстанову.

Што важна: у адрозненне ад больш вядомага аналага Change.org, на беларускім сайце трэба ўказваць імя, прозвішча і адрас, як таго патрабуе заканадаўства.

Таму петыцыі з Change.org чыноўнікі могуць ігнараваць, а звароты з Petitions.by яны мусяць разглядаць.

У пачатку ліпеня на сайце з’явілася петыцыя, прысвечаная сітуацыі з заездам у аэрапорт Мінск. Сітуацыя наступная: кожны (напрыклад, таксіст) можа заехаць бясплатна на тэрыторыю аэрапорта толькі 2 разы за суткі. За кожны наступны заезд трэба было плаціць аэрапорту 10 рублёў. Варта патлумачыць: машыны маглі знаходзіцца на стаянцы таксі бясплатна, грошы бралі непасрэдна за заезд на тэрыторыю аэрапорта. То-бок каб высадзіць чалавека (ці забраць яго) перад уваходам у будынак аэрапорта.

Перавозчыкам гэта не падабалася, тым больш што аэрапорт меў уласную службу трансфера, для якой перамяшчэнне па тэрыторыі аэрапорта, натуральна, было бясплатным. Таму астатнія перавозчыкі і стварылі петыцыю: маўляў, стаянка таксі далёка ад зоны прылёту, кліенты не бачаць машыны, выходзячы з аэрапорта. Таму перавозчыкі прасілі зрабіць стаянку для таксі бліжэй і зняць абмежаванні (бо аэрапорт патрабаваў, каб на стаянку прыязджалі машыны таксі, якім не больш за 10 гадоў). Таксама перавозчыкаў абурылі вынікі мадэрнізацыі схемы руху па тэрыторыі аэрапорта, якія ўскладнілі іх працу.

Зварот сабраў 360 подпісаў. Пасля іх накіравалі ў Міністэрства гандлю і антыманапольнага рэгулявання.

Але ж рэакцыяй Нацыянальнага аэрапорта Мінск нечакана стаў пазоў у суд. Прычым падалі менавіта на сайт па зборы петыцый. Аэрапорт хоча, каб петыцыю выдалілі, замест яе на сайце апублікавалі абвяржэнне: маўляў, звесткі ў петыцыі не адпавядалі рэчаіснасці.

У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорта Мінск пацвердзілі, што сапраўды падалі ў суд на пляцоўку па зборы подпісаў. Падрабязней каментаваць сітуацыю катэгарычна адмовіліся.

Падрыхтоўчае судовае пасяджэнне адбудзецца 22 жніўня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?