Андрэй Кунцэвіч ад 19 жніўня стаў намеснікам старшыні Адміністрацыі прэзідэнта. Ён будзе курыраваць пытанні ідэалогіі і СМІ, магчыма, сацыяльных сетак. Пакуль афіцыйнага пацверджання няма, але выглядае, што на гэтай пасадзе ён змяніў Уладзіміра Жаўняка (апошні адпрацаваў крыху болей за год).

Хто ж такі Андрэй Кунцэвіч? Знаёмімся з новым прызначэнцам.

Родам не з Магілёва, а з Бялыніч

Кунцэвічу 40 гадоў. У афіцыйнай біяграфіі Андрэя Кунцэвіча месца нараджэння значыцца Магілёў. Аднак «Наша Ніва» высветліла, што радзімай чыноўніка ўсё ж з’яўляюцца Бялынічы.

Кунцэвіч скончыў мясцовую СШ №1. Кажуць, што любімым прадметам у яго была нямецкая мова. З вёскі Чырвоны Бор (афіцыйная назва — Бор) на мяжы з Круглянскім раёнам паходзіць бацька Кунцэвіча, Міхаіл Міхайлавіч.

У Ланькаўскім сельсавеце расказваюць, што Кунцэвічы па-ранейшаму прыязджаюць на малую радзіму. «У іх дзедаўскі дом у вельмі добрым стане. Бацька Андрэя саджае там агарод. Сын таксама прыязджае капаць бульбу штогод», — расказвае старшыня сельсавета Аляксандр Шакураў.

Дзед чыноўніка Міхаіл Аўрамавіч быў ветэранам Другой сусветнай вайны, меў узнагароды, у баях страціў вока. У калгасе працаваў на свінакомплексе. Продкі Кунцэвіча якраз і пахаваныя ў Чырвоным Бары (па-руску назва таксама пішацца як Чырвоны, а не Красны). Сёння гэта зусім маленькае паселішча на некалькі двароў.

Бацька — шафёр, маці — повар

Міхаіл Міхайлавіч Кунцэвіч усё жыццё адпрацаваў кіроўцам МАЗа на ПМК №241 Бялынічаў. Працягвае займаецца гэтым і цяпер, хоць ужо знаходзіцца на пенсіі.

Мама Валянціна Пятроўна працавала кухарам у СШ №2 Бялынічаў, а цяпер сышла на пенсію. Сям’я ніколі не шыкавала, і да залатой моладзі Андрэя Кунцэвіча яўна нельга было аднесці.

«У яго ў дзяцінстве галоўным хобі быў футбол, — расказаў «НН» бацька чыноўніка. — Увесь час аддаваў гэтаму. Ён і цяпер не кідае, працягвае і гуляць, гуляў за каманду аблвыканкама, і на матчы «Дняпра» ходзіць». Адметна, што бацька з намі гаварыў па-беларуску.

У Андрэя Кунцэвіча ёсць сястра, яна таксама жыве ў Магілёве, працуе бухгалтарам.

Падчас вучобы сустрэў жонку

Жонка Святлана (у дзявоцтве Андрасюк) працуе рэдактаркай папулярнага выдавецтва «Талака», яно месціцца ў Магілёве.

«Талака» выдае некалькі дзесяткаў газетаў і часопісаў на тэмы здароўя, сям’і, кулінарыі. Выданні «Талакі» папулярныя не толькі ў Беларусі, але і па ўсім СНД.

Да гэтага жонка ідэолага працавала галоўнай рэдактаркай на радыё «Бялынічы». Гэта было ў той час, калі Андрэй узначальваў «Зару над Друццю».

Пара пазнаёмілася яшчэ падчас супольнай вучобе на журфаку БДУ. Потым па размеркаванні паехалі ў Бялынічы. Дзяцей у Андрэя і Святланы пакуль няма.

Бацька Кунцэвіча кажа, што да вучобы на журфаку Андрэй рыхтаваў сябе з 6-7 класа. «Ён тады пачаў пісаць у «Зару над Друццю», атрымліваў нейкія ўзнагароджанні за гэта, яму падабалася. Паступіў з першай спробы на бясплатнае», — расказаў тата Кунцэвіча.

Шмат карыстаецца беларускай мовай

Ад 2009 да 2011 Кунцэвіч папрацаваў намеснікам старшыні Шклоўскага райвынкама. Ад 2011 — у Магілёўскім аблвыканкаме, курыраваў пытанні ідэалогіі. Апошнія два гады быў намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама.

Адзін з работнікаў культуры Магілёва расказвае, што Кунцэвіч не проста добра ставіцца да беларускай мовы, але і сам з лёгкасцю выступае па-беларуску. «Памятаю, напрыканцы мінулага года ў прысутнасці міністра культуры (падкрэслена рускамоўнага Юрыя Бондара — «НН») ён казаў пра неабходнасць выкарыстання на мерапрыемствах беларускай мовы», — кажа крыніца.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк, які ахарактарызаваў Кунцэвіча як «выдатнага чалавека і журналіста», таксама адзначыў яго жаданне выкарыстоўваць беларускую мову ў публічных выступах.

Піша Кунцэвіч і вершы на беларускай мове. Вось адзін з іх:

* * *

Пакідае наш край чарада журавоў,
Шэрым клінам пранізвае даль.
Адлятаюць ад нас да чужых берагоў,
Бо наладжвае восень свой баль.

Залатым канфеці раскідала лістоту,
Гучны джаз барабаняць дажджы.
Горкі кліч журавоў, што навеяў самоту,
Пакідае наш край аж да самай вясны.

Падпісаны ў твітары на «Нашу Ніву» і Пальчыса

Андрэй Кунцэвіч — актыўны карыстальнік твітара. За чатыры гады ён пакінуў больш за 4 тысячы твітаў. У асноўным дзеліцца спартыўнымі вынікамі, а таксама навінамі Магілёўскай вобласці.

Калі сам піша допісы, то нярэдка выкарыстоўвае беларускую мову. Асабліва калі кагосьці віншуе са святамі.

Кунцэвіч падпісаны ў твітары не толькі на дзяржаўныя СМІ, але і на недзяржаўныя. Напрыклад, на «Нашу Ніву» і «Народную Волю». Чытае ён і блогераў Эдуарда Пальчыса з Антонам Матолькам, а таксама палітыкаў Андрэя Дзмітрыева і Анатоля Лябедзьку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?