У беларускіх тэлеграм-каналах з'явілася інфармацыя, што ў хуткім часе Баранавіцкі авіярэмонтны завод пачне рамонт балгарскіх Су-25.

«Гісторыя там была такая: амерыканцы прапаноўвалі балгарам адмовіцца ад Су-25 і прадаць іх у Афрыку, умоўна. А ўзамен купіць у іх А10 і F16. Але балгары пралічылі плюсы і мінусы і падумалі, што выгадней будзе адрамантаваць сушкі, — паведамляе канал «Кульгавы д'ябал». 

Цікавостка тут у тым, што Балгарыя — гэта краіна НАТА. Прэцэдэнт абслугоўвання заходнікаў у Беларусі мог бы адкрыць вялікі рынак мадэрнізацыі ваеннай тэхнікі іншых краін ЕС. 

Су-25, фота mil.by

Су-25, фота mil.by

Раней ужо хадзілі чуткі, што Баранавіцкі завод можа рамантаваць тыя самалёты — толькі ён адзін адгукнуўся на адпаведны тэндар балгарскіх ваенных. Але сітуацыя затармазілася праз тое, што структуры Альянса ўсё ніяк не санкцыянавалі абслугоўванне ў Беларусі праз вайсковы саюз з Расіяй. 

Дык ці сапраўды ўдалося ўрэгуляваць гэтыя пытанні і заключыць дамову? 

Кіраўніцтва Баранавіцкага завода ў размове з «Нашай Нівай» адмовілася каментаваць адносіны з балгарамі: «Гэта ДСК [для службовага карыстання], можа, вам раскажуць у Ваенпраме», — адказаў галоўны інжынер. 

У Дзяржваенпраме таксама спаслаліся на камерцыйныя таямніцы: «У такіх сітуацыях бывае, што бакі ў кантракце дамаўляюцца аб неразгалошванні нейкіх або ўсіх дэталяў», — сказалі ў прэс-службе. 

Шараговыя работнікі авіязавода, занятыя на рамонце тэхнікі, на ўмовах ананімнасці паведамілі, што балгарскія самалёты неўзабаве прыбудуць у Баранавічы: «Рыхтуемся чыніць». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0