Патрабавальнасць да якасці работы праваахоўнага блока ў Беларусі будзе толькі ўзрастаць. Пры гэтым да парушэнняў закона, уключаючы бандытызм і карупцыю, стаўленне ў Лукашэнкі будзе ранейшае і нават больш жорсткае. Пра гэта заявіла журналістам прэс-сакратарка кіраўніка дзяржавы Наталля Эйсмант па выніках нарады па тэме работы праваахоўнікаў, перадае БелТА.

Фота: БелТА.

Фота: БелТА.

«Тыя, хто паспяшаўся ўбачыць тут нейкія будучыя паслабленні ці тым больш нейкую піяр-кампанію, проста недаацэньваюць сітуацыю і не ведаюць нашага прэзідэнта. Патрабавальнасць з сённяшняга дня будзе толькі ўзрастаць, прычым патрабавальнасць па ўсіх франтах», — падкрэсліла прэс прэс-сакратарка Лукашэнкі.

Яна звярнула ўвагу, што да бандытызму, карупцыі і іншых парушэнняў закона стаўленне з боку дзяржавы будзе ранейшае і нават яшчэ больш жорсткае.

«Гэта значыць паслабленняў не будзе, хто б што ні ўбачыў. Тым, каму месца ў турме, павінны быць і будуць у турме. Гэта адназначна», — сказала Наталля Эйсмант.

У той жа час кіраўнік дзяржавы запатрабаваў, каб пры расследаванні крымінальных спраў не пакутавалі невінаватыя людзі.

«Справядлівасць тут сапраўды ключавое слова. На гэта прэзідэнт звяртаў увагу не раз. У гэтым плане будзе шматкроць узмацняцца кантроль за якасцю працы праваахоўных органаў. А гэта і ёсць тая самая справядлівасць», — адзначыла Наталля Эйсмант.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0