У эфіры БТ быў паказаны момант, як галоўны рэдактар партала «Ежедневнік» Сяргей Сацук бярэ канверт у дзялка ад медыцыны Віктара Мядзведскага.
Чытайце: БТ паказала ВІДЭА са схаванай камеры, як рэдактар Ej.by Сяргей Сацук атрымаў канверт ад бізнэсмена
Тэлевізіёншчыкі сцвярджаюць, што агулам было перададзена $5 тысяч, за якія, маўляў, былі падрыхтаваныя расследаванні супраць канкурэнтаў Мядзведскага.
Сацук расказаў «Нашай Ніве», як ацэньвае гэтую сітуацыю сам.
«Ён цяпер будзе казаць, што там $5000, я — што $100 долараў, вер каму хочаш.
Але сітуацыя была такая: я рыхтаваў расследаванне пра пастаўкі тавараў медыцынскага прызначэння па завышаных цэнах і з махінацыямі. Мядзведскі мне дапамог з інфармацыяй. Усё.
Потым ягоная дырэктарка пісала мне ў вацап: «Ну як там, ну як там? Як прасоўваецца?». Я патлумачыў, што жыву за горадам, а ў мяне ў той час зламалася машына. Мабільнасць троху абмежаваная, не магу аператыўна пад'ехаць і удакладніць нейкую інфармацыю. Потым яна пачала пісаць, што Мядзведскі гатовы кампенсаваць выдаткі, арэнду машыны, рамонт і гэтак далей. Я адмаўляўся. Арандаваў за свае грошы.
І калі мы потым сустракаліся ў іх кабінеце, мне Мядзведскі кажа, вось, маўляў, як мая дырэктарка абяцала, мы гатовыя нейкія выдаткі пакрыць. Чаму я казаў пра біткойн? Я казаў, што не хачу ведаць, адкуль грошы і ад каго: маўляў, кіньце на біткойн. Ну я падумаў: ладна, хай пакрые выдаткі. Я нават не памятаю, колькі было ў канверце — можа, 100 рублёў, або 100 долараў. Нейкая невялікая сума.
Але калі б быў паказаны ўвесь запіс сустрэчы, то было б ясна, што не выпадае пісаць пра артыкул на замову, таму што я папярэджваў, што рыхтуецца новая частка расследавання, дзе будзе фігураваць сам Мядзведскі. І што калі мы знойдзем жалезныя факты супрацьпраўных дзеянняў — усё пойдзе ў друк. Маўляў, можам толькі папярэдзіць за пару дзён, каб быў час з'ехаць на які-небудзь востраў і жыць там на свае грошы.
Мне потым далі зразумець, што прасцей «замовіць» журналіста, чым з'ехаць на востраў, таму другую частку расследавання мы не публікавалі, узважыўшы рызыкі. Абяцалі забіць ці пасадзіць.
А пра гэты запіс я ведаў за пару месяцаў яшчэ», — расказаў Сацук.
Ён таксама дадаў, што згаданую публікацыю «узгадняў з палкоўнікам Дэпартамента фінансавых расследаванняў».
«Мне старшыня КДБ прапаноўваў 3-пакаёвую кватэру ў Мінску, каб я не пісаў адзін матэрыял — гэта было даўно, гаворка не пра Вакульчыка.
Я тады не пагадзіўся. А тут пагаджуся? На аб'ектыўнасць гэтыя грошы не ўплывалі.
Матэрыял, які яны далі, быў класны. Я б яшчэ сам за яго мог даплаціць. Расследаванне я рабіў разам з польскімі калегамі. А грошы… Калі я абвесціў збор на падтрымку расследаванняў, дык людзі проста на вуліцы падыходзілі і давалі грошы. На канферэнцыю нейкую прыходжу, а да мяне: «Сяргей, вазьмі». Проста так тычуць. Толькі на тэлефон больш за 600 рублёў перавялі», — дадаў Сацук.
Ён сцвярджае, што атрыманых грошай не хавае і задэкларуе іх напрыканцы года.
Мы таксама пацікавіліся ў Сацука, ці не было такіх прэцэдэнтаў, каб ён браў грошы раней?
«Не было такога. Якія грошы? Я не такі багаты чалавек, у мяне даўгоў на $15 тысяч — толькі за электрычнасць у доме з непадведзеным газам на 9 тысяч рублёў», — запэўнівае ён.
Каментары