Увечары ў пятніцу МЗС распаўсюдзіла «Адказ прэс-сакратара МЗС Андрэя Папова на пытанне прадстаўнікоў СМІ ў сувязі з некаторымі выказваннямі пасла Расіі ў Беларусі А.Сурыкава падчас прэс-канферэнцыі ў Мінску 6 лютага 2009 года».
Дыпламат, у прыватнасці, заявіў, што ў сувязі з падпісаным у Маскве 4 лютага дакументам аб стварэнні Калектыўных сіл аператыўнага разгортвання (КСАР) АДКБ трэба «разабрацца, запатрабуецца ўдзел Беларусі за мяжой ці не».
«Па-першае, адразу хачу падкрэсліць, што ўжо дакладна не паслы іншых дзяржаў будуць «разбірацца» ў адпаведных нюансах беларускага заканадаўства, — заявіў А.Папоў.
— Па-другое, ёсць закон нашай краіны на гэтую тэму, і ён будзе няўхільна выконвацца. Дый згаданы вамі дакумент АДКБ па КСАР, дарэчы, пакуль не мае статусу міжнароднага пагаднення. Акрамя таго, трэба мець на ўвазе, што рашэнні аб задзейнічанні КСАР будуць прымацца толькі кіраўнікамі дзяржаў АДКБ і толькі на аснове кансенсусу.
Так што не трэба паслу забягаць наперад.
Таксама як не трэба яму спяшацца апярэджваць вынікі выканання даручэнняў ВДС і па такіх тэмах беларуска-расійскага ўзаемадзеяння, як удзел Расіі ў будаўніцтве беларускай АЭС і магчымае будаўніцтва газаправода «Ямал — Еўропа — 2».

«На пасяджэнні ВДС у Маскве лідэры дзвюх краін даручылі адпаведным ведамствам нашых дзяржаў яшчэ раз уважліва ўнікнуць у гэтыя тэмы і дадаткова ўнесці на разгляд прэзідэнтаў дапрацаваныя канкрэтныя прапановы. Так што давайце, напэўна, як мінімум дачакаемся вынікаў выканання даручэнняў двух прэзідэнтаў», — заявіў прадстаўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства.

5 лютага А.Папоў на брыфінгу ў МЗС падкрэсліў, што беларускія ваеннаслужачыя ў ваенных дзеяннях за межамі Беларусі не ўдзельнічалі і не будуць удзельнічаць — гэта забаронена айчынным заканадаўствам.

На прэс-канферэнцыі 6 лютага А.Сурыкаў зазначыў, што «па практыцы прымянення міждзяржаўныя пагадненні і дагаворы вышэй па статусе нацыянальнага заканадаўства адной краіны».

Пасол таксама заявіў, што фінансаванне будаўніцтва беларускай АЭС будзе весціся за кошт крэдытаў Расіі, якая «пойдзе на максімальна спрыяльныя ўмовы фінансавання па працэнтных стаўках і па тэрмінах вяртання». Дыпламат нагадаў, што паміж беларускім урадам і «Расатамам» падпісаны пратакол, згодна з якім у першым квартале 2009 года будзе заключана міжурадавае пагадненне аб мірным выкарыстанні атамнай энергіі паміж дзвюма каінамі, што папярэднічае будаўніцтву АЭС. Пасля гэтага плануецца падпісаць «канкрэтнае пагадненне аб канкрэтным будаўніцтве АЭС».

А.Сурыкаў паведаміў, што Расія не пачне будаўніцтва газаправода «Ямал — Еўропа — 2» па тэрыторыі Беларусі да завяршэння будаўніцтва газаправодаў «Паўночны паток» і «Паўднёвы паток». Паводле яго слоў, любы пастаўшчык, вытворца энергарэсурсаў «імкнецца адыйсці ад транзітных дзяржаў». «Гэта нармальная сусветная практыка, каб не залежаць ад гэтай дзяржавы ў стрэсавых сітуацыях», — зазначыў пасол, заявіўшы, што «пытанне аб будаўніцтве «Ямал — Еўропа — 2» не адхілена, але адкладзена на прапрацоўку».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?