Амаль дваццаць год таму ён перабраўся ў Маскву, не так даўно купіў кватэру ў анэксаваным Крыме, на радзіме сваёй жонкі, спявачкі Анжалікі Ют. Пра тое, чым ён цяпер жыве, Уладзімір Станкевіч распавёў «Нашай Ніве».

Падумвае ўзяць грамадзянства Расіі

Не так даўно Уладзімір Станкевіч прадаў апошнюю кватэру ў Мінску. І цяпер, прызнаецца ён, зусім адпала неабходнасць бываць у Беларусі.

«Я прыязджаю цяпер на дзень-другі раз на год. Прыязджаю ў асноўным для таго, каб вырашыць некаторыя бюракратычныя пытанні. Прадаў апошнюю нашу кватэру, цяпер трэба выпісацца з яе і прапісацца ў кватэры маскоўскай. У Мінску наведваю сваю зводную сястру, прафесара-музыказнаўцу Вольгу Дадзіёмаву. У яе зараз чацвёртая ступень ракавага захворвання, але яна працягвае пісаць і выдаваць кнігі па гісторыі беларускай музыкі. Цяпер бываю толькі ў яе, мама памерла тры гады таму», — расказвае Уладзімір Станкевіч.

Уладзімір расказвае, што ўслед за продажам кватэры ў Мінску можа яшчэ і памяняць беларускае грамадзянства на расійскае.

«Усё ж у Маскве прасцей жыць, калі ў цябе расійскі пашпарт і расійскае грамадзянства. У Анжалікі два грамадзянствы: расійскае і беларускае, у мяне пакуль толькi беларускае. Але адмаўляцца ад яго мы не плануем», — удакладняе Уладзімір.

Нягледзячы на тое, што Анжаліка і Уладзімір перабраліся ў Маскву яшчэ ў 2002 годзе, канчатковае рашэнне аб пераездзе ў Расію прынялі значна пазней.

Уладзімір Станкевіч і Анжаліка Ют.

«У 2002 Анжаліка падпісала кантракт з Ігарам Селівёрставым, прадзюсарам «Стрэлак» i «Віруса». Ездзіла на гастролі. А трэба сказаць, што кантракт з прадзюсарам — рэч дастаткова жорсткая. Напрыклад, артысты атрымлівалі толькі 10% з канцэртаў, i тое не заўсёды. Ні пра якія правы на выкананне песень не магло быць і гаворкі. Я наогул першы год не ведаў, чым мне займацца ў Маскве. Фактычна я адмовіўся ад сваёй сольнай кар’еры, каб займацца кар’ерай Анжалікі. Умовы былi вельмi не простыя. Калi кантракт скончыўся, Анжалiка вырашыла вярнуцца ў Мiнск ў аркестр Фінберга. Так і жылі. Яна з панядзелка па чацвер у Мінску, з пятніцы па нядзелю — у Маскве. У нас расла дачка Вікторыя, яна хадзіла ў школу ў Мінску. Але, пажыўшы так, зразумелі, што так больш працягвацца не можа. Узважылі «за» і «супраць», прыкінулі, наколькі больш магчымасцяў у Маскве, і прынялі рашэнне канчаткова перабрацца сюды. Дарэчы, вяселле мы з Анжалікай згулялі толькі праз дзесяць год. Адзначылі разам з пакупкай кватэры ў Маскве», — расказвае Уладзімір.

Сябравалі сем’ямі, а пасля так склалася, што Анжаліка пераехала да мяне

Анжаліка Ют і Уладзімір Станкевіч разам ужо больш за 25 гадоў. А пазнаёміліся, як гэта і бывае, выпадкова.

«Была нядзеля, мне а 7-й гадзіне раніцы тэлефануе адміністратар «Сяброў», — а мы толькi ўначы прыляцелi з гастроляў, — кажа, што трэба ехаць на канцэрт у Дзяржынск і што адмовіцца ну ніяк нельга. I я сонны, злы, еду на канцэрт. Перад канцэртам, на саўндчэку, бачу спявачку, якая спявае ў зусiм іншай манеры, не так, як у Беларусi. А пасля я даведаўся, што яна з Крыма, паспела папрацаваць у Маскве з «Ласкавым маем». Яна не так даўно выйшла замуж за беларуса, апынулася ў Мінску. Гутарылі ўсю дарогу у Мiнск, пасябравалі. Я таксама тады ўжо быў жанаты. Так і сябравалі сем’ямі. Я ведаў яе мужа, яны заходзілі да нас у госці. Анжаліка спявала ў аркестры Фiнберга, я працаваў у «Сябрах», дапамагаў ёй з новымi знаёмствамi, з канцэртамi. Мы запiсалi некалькi сумесных песень, сталi часцей разам ездзiць на гастролi. А пасля неяк так атрымалася, што сталi i жыць разам. Гэта не было нейкім хуткім, неабдуманым рашэннем. Адбылося само сабой — напэўна, гэта і ёсць каханне», — кажа Уладзімір Станкевіч.

У 1997 годзе пара распісалася афіцыйна.

Такімі ў 1997 годзе Уладзімір і Анжаліка прыйшлі ў ЗАГС. 

«Гэта не было вяселле, мы ў будны дзень прыйшлі ў ЗАГС, распісаліся, а пасля паехалі разам з «Сябрамі» ў вясельнае падарожжа. Тады ў «Сяброў» быў канцэрты тур даўжынёй два месяцы, юбiлейны тур Анатоля Ярмоленкi. Дарэчы, у «Сябры» з аркестра Фiнберга Анжаліка трапіла дзякуючы мне», — расказвае Станкевіч.

Першы стэндап комік Беларусі — канферансье ў «Сябрах»

Ды і сам Станкевіч трапіў у «Сябры» выпадкова.

«Мой армейскі сябар Юрый Багаткевiч, тады ўжо салiст «Сяброў», патэлефанаваў неяк і папрасіў з’ездзіць з «Сябрамі» на канцэрт у Бабруйск, замяніць іх канферансье. Хто такі канферансье ў ансамблі? Канечне, гэта той, хто аб’яўляе песні, вітаецца з публікай, але не толькі.

Ведаеце, у пачатку 90-х гадоў «Сябры» выступалі толькі з жывым гукам, канцэрт быў на два аддзяленні. І пасля першага артыстам павінен быў перапынак на 20—30 хвілін, каб папіць вады і перадыхнуць, а клавішнік у гэты час загружаў з касетнага магнітафона ў сінтэзатар сэмплы. І вось пакуль артысты былі занятыя справай, я забаўляў публіку. А пачуццё гумару ў мяне было з дзяцінства, я нават удзельнічаў у розных конкурсах артыстаў эстрады з маналогамі, пародыямі. Цяпер бы гэта назвалі стэндап-комікам, а тады я быў канферансье», — успамінае Уладзімір Станкевіч.

З Анатолем Ярмоленкам у Станкевіча да сёння захаваліся цёплыя адносіны.

«Ды яны такімі заўсёды былі. Я мог прапанаваць Анатолю Іванавічу нейкую ідэю, ён заўсёды адказваў: «Ну, давай паспрабуй». Так я паступова стаў амаль салістам. Спачатку выконваў пару песень у пачатку другога аддзялення ў сваiм блоку, пасля стаў спяваць пастаянна. Калі ажаніўся з Анжалікай, зразумеў, што ў шчыльным графіку «Сяброў» нам няпроста будзе праводзіць час разам. Прыйшоў да Ярмоленкі, кажу: «Вазьміце, калi ласка, Анжаліку ў ансамбль, інакш мне давядзецца звольнiцца. Мы хочам працаваць разам». І Анатоль Іванавіч — а ён усё сам бачыў і ўсё добра разумеў — пагадзіўся», — расказвае Уладзімір Станкевіч.

«А не так даўно мы з Анжалікай узгадалі, што я так і не зрабіў ёй прапанову рукі і сэрца. Вяселле з лімузінамі, сукенкай і пярсцёнкамі мы згулялі толькі ў Маскве ў 2007 годзе, нас сустракала з караваем дачка Віка, якой тады было 12 гадоў. А вось урачыстую прапанову я так і не зрабіў. Пасля падумаў, што купім кватэру ў Алушце, тады і зраблю прапанову. Кватэру купілі, відаць, хутка будзем зноў спраўляць вяселле», — дзеліцца Уладзімір Станкевіч.

Калі Крым стаў расійскім, бацькі жонкі ўздыхнулі з палёгкай

Кватэра ў Алушце была даўняй марай Уладзіміра.

«Я даўно марыў аб тым, каб пад старасць займець сваю кватэру на беразе мора. Яшчэ памятаю, калі ўпершыню трапіў у Крым з гастролямі «Сяброў». Выйшаў тады з тралейбуса ў Алушце і падумаў: «Я хачу тут жыць». А тут так усё склалася.

Анжаліка нарадзілася ў Крыме, яе бацькі маюць свой дом у Сімферопалі. Цяпер яны абое пасля інфаркту, ім патрэбны догляд. Анжаліка часта прыязджае да іх, вось і падумалі, што нам тут патрэбны свой кут. І якраз сябар прадаваў кватэру. Цяпер я неверагодна шчаслівы, што маю ўласную кватэру, ды яшчэ на беразе мора. Ведаеце, як тут цяпер стала прыгожа? Раней прыходзіш на пляж, а тут смецце, кукуруза, акуркі, цяпер жа пляжы ў Крыме можна параўнаць з Лазурным берагам.

Тут усе ўсцешаныя, што Крым стаў расійскім. Анжаліка расказвала, што яна да 1991 года нават не ведала, што жыве ва Украіне. Усе жыхары крымчакі лічылі сябе рускімі. Яшчэ ўсе ўзгадваюць, што раней не проста жылося з татарамі, яны захоплівалі зямлю, будавалі нешта, цяпер жа ў Крыме парадак», — распавядае Уладзімір.

Анжаліка Ют у 2013 годзе запісала соўл-версію гімна Расіі.

«Гэта адбылося выпадкова. Мы ў чарговы раз глядзелі фільм «Целаахоўнік». І я такі кажу Анжаліцы: «Ну крутая ж песня, а ты можаш у гэтым стылі спець гімн Расii? Анжаліка спачатку не зразумела, навошта мне гэта патрэбна, а потым у студыi нешта ў ёй запалiлася i яна запісала тады гімн Расіі нават лепш за той, што я меў на ўвазе. Мы залілі відэа на ютуб і забыліся пра яго. А пасля ўсіх падзей 2014 года нечакана гэтае відэа ўсплыло. Было шмат водгукаў, спрэчак: маўляў, крымчанка — і заспявала гімн Расіі. Але ў асноўным былі толькі станоўчыя водгукі. Асаблiва ўражваюцца замежнiкi. Версія гімна Анжалікі — трэцяя афіцыйна дазволеная, пасля класічнай версіі хору Аляксандрава і любімага гурта Уладзіміра Пуціна «Любэ», — расказвае Уладзімір.

Ідэя запісаць гімн — не адзіная шалёная ідэя, якая прыходзіла ў галаву Уладзіміру Станкевічу. Ён жа прапанаваў Анжаліцы Ют выканаць вакальна 40-ю сімфонію Моцарта і «Танец маленькіх лебядзей». А калісьці, у пачатку 90-х гадоў, ён пазнаёміў мінскага слухача з беларускамоўным афрыканцам Джымі Нельсанам.

«Я тады вёў на беларускім тэлебачанні музычную праграму «Тэлебом». Убачыў недзе на канцэрце гурт, дзе спяваў Джымі. Я прапанаваў Джымі супрацоўнічаць, той пагадзіўся. Зрабiлi з iм гурт ELEGANT COMPANY. Пасля я пазнаёміў Джымi з Анатолем Ярмоленкам. Якраз тады Валер Разанаў з «Сяброў» запісаў песню «Беларускія дзяўчаты». Ну я свой язык і ўставіў. Прапанаваў Ярмоленку: а хай Джымі спяе, незвычайна ж. І гэта сапраўды выбухнула. Валер Разанаў вельмі тады пакрыўдзіўся на мяне, што адабраў у яго гэту песню», — кажа Уладзімір.

Гурт ELEGANT COMPANY.

Зараз Уладзімір працягвае займацца творчасцю — прадзюсіруе жонку, выступае на канцэртах, піша песні, здымае кліпы. У сацыяльных сетках да ўсіх сваіх фотаздымкаў дадае хэштэг #дзяніскараблёў.

«Гэта прафесійная неабходнасць. Мне так пашанцавала, у мяне ёсць такі бэкграўнд, людзям гэта цікава, гэта трэба прадаваць. Я вельмі рады, што мне ў жыцці пашанцавала займацца тым, што я люблю і што ўмею, але назваць сябе пестуном лёсу не магу. Проста мне крыху шанцавала», — смяецца Уладзімір Станкевіч.

Адзін раз пазналі на Камароўцы. І тое пераблыталі з іншым хлопчыкам

Уладзімір Станкевіч нарадзіўся ў сям’і пісьменніка Уладзіміра Дадзіёмава. Мама Уладзіміра працавала ўсё жыццё на паліграфічным камбінаце, але была творчым чалавекам, любіла тэатр.

«Мяне з шасці год мама аддала ў палац піянераў, дзе я займаўся ў гуртку мастацкага слова. А гэта, ведаеце, таксама цяжкая праца была, дзіцяці адкрываць розныя з’езды КПСС. На пробы ў першы фiльм на «Беларусьфiльм» мама давяла мяне да дзвярэй, падштурхнула і сказала: «Ідзі далей сам». Гэта была стужка «Вось i лета прайшло». Пашанцавала, выбралі мяне. Пасля выпадкова я сам ўбачыў у газеце, што «Беларусьфільм» праводзіць кастынг на ролю Дзяніскі Караблёва. Сам i пайшоў», — узгадвае Уладзімір.

Сказаць, каб назаўтра маленькі Вова прачнуўся знакамітым, дык такога не было.

«У школе вельмі роўна паставіліся да таго, што я сыграў у кіно. Не было шалёнай папулярнасці. На Камароўцы, праўда, неяк мяне спыніла жанчына і кажа: «Ой, а я цябе пазнала. Ты —Бураціна». Ну і ну: Бураціна сыграў Дзмітры Іосіфаў, а я той кастынг не прайшоў. Затое я пасля агучваў персанаж Дзімы ў іншым фільме. Я шмат працаваў у дубляжы. Мне тады казалі, што гэта рэдка хто можа з першага дубля трапіць «у вусны». На «Беларусьфільме» тады агучвалася шмат фільмаў з усіх рэспублік СССР», — прыгадвае Уладзімір.

Пасля заканчэння школы Уладзіміру таксама нечакана пашанцавала.

«Забіралі мяне ў армію пасля першага курса лінгвістычнага інстытута, а са мной у класе вучыўся мой поўны цёзка — Уладзімір Станкевіч. Ён іграў на скрыпцы, дамовіўся, што яго забяруць у армію ў ансамбль «Равеснік». А там нешта пераблыталі, і ў «Равеснік» трапіў я», — расказвае Уладзімір.

Пасля арміі Уладзімір думаў паступаць у Расійскі інстытут кінематаграфіі, але разам з ім туды паступаў і Дзмітры Іосіфаў, той самы хлопчык, што сыграў Бураціна. Два аднольнавыя тыпажы на курс адназначна б не трапілі. Камісія аддала перавагу Дзмітрыю, а Станкевіч не дабраў паловы бала.

Каб не губляць год, Уладзімір — выпускнік мінскай школы №73 з паглыбленым вывучэннем нямецкай мовы — амаль паступіў у лінгвістычны інстытут. Але ж, пакуль iшлi экзамены, атрымаў прапановы на здымкi ажно ў двух фiльмах — на «Беларусьфiльме» i студыi iмя Даўжэнкі у Кiеве.

Праз год вярнуўся са здымак i паступiў.

«А з інстытута мяне, дарэчы, маглі адлічыць, абвінаваціўшы ў антысаветчыне. Як было. Мы ставілі ў тэатральным гуртку інстытута спектакль «Інфляцыя». Я прыдумаў, што трэба афішу рабіць на даляравай купюры. Але хто тады бачыў той даляр? Сталі шукаць, у каго можа быць даляр. І нечакана адгукнуўся аднакурснік, у якога бацькі працавалі ў МЗС. Ён кажа: «У нас ёсць сувенір з далярам, я вам яго перамалюю». Зрабілі афішу, павесілі ў фае. Праз пяць хвілін мы ўсе былі ў кабінеце рэктара… Пагражалі адлічыць, але я сам сышоў пасля другога курса. Паехаў здымацца ў стужцы «Кіслародны голад». Ну не вагаўся нават. Ведаеце, я за здымкі ў гэтай карціне атрымаў 7500 рублёў. Вельмі добрыя грошы», — прыгадвае Уладзімір Станкевіч.

Афіша са студэнцкага спектакля.

Уладзімір расказвае, што зарабляў добра заўсёды.

«Калі ў сярэднім аклады былі 120 рублёў на месяц, то ў «Сябрах» я зарабляў 50 рублёў за канцэрт. А ў тыя часы маглі быць па тры канцэрты на дзень цягам месяца», — прызнаецца Уладзімір.

Сёння сябе багатым чалавекам ён не лічыць, але ўпэўнены, што самае галоўнае багацце ў жыцці — сям’я — у яго ёсць.

Дачцэ Уладзіміра і Анжалікі Вікторыі зараз 24 гады. Яна займаецца бізнэсам, звязаным з нерухомасцю. І хутка плануе выйсці замуж. Ёсць i сын ад першага шлюбу, Аляксей, ён праграмiст.

Уладзімір з дачкой Вікторыяй.

«Я ўсё ж добры бацька, і Віка мяне такім лічыць. Я заўсёды падтрымліваў усе ідэі Вікторыі. Хацела Віка займацца гітарай — мы набылі ёй гітару, пасля вырашыла, што будзе шыць, — я купіў дарагую швейную машынку, якой так ні разу ніхто не скарыстаўся. Пасля вырашыла, што будзе займацца манікюрам. Не займаецца. Ну цяпер яна шчаслівая ў сваёй справе побач з каханым. Я калісьці запісаў разам з дачкой песню з фільма пра Дзяніску: «Если с другом вышел в путь», але Віка сказала: «Самі вы займайцеся сваёй музыкай!» Ну а што рабіць, мы і займаемся», — смяецца Уладзімір Станкевіч.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?