Здарэнне адбылося ў вёсцы Атраднае: трое сяброў нешта адзначалі ў хаце, паведамляе «Голас Сеннешчыны». Тут пачуўся брэх сабакі. Хлопцы выйшлі ў двор: ля сабачай будкі сядзеў янот.

Янот рэагаваў вяла нават на галасы людзей. Праўда, калі гаспадар сядзібы вырашыў пасадзіць яго на ланцуг, янот стаў агрызацца, некалькі разоў укусіў мужчыну за руку. Сябры адразу патэлефанавалі ў хуткую дапамогу.

Пасля таго як медыкі разам з пакусаным вяскоўцам пакінулі населены пункт, янот па-ранейшаму знаходзіўся ў двары. Увага людзей зноў пераключылася на яго — адзін з мужчын ударыў жывёліну. Янот ухапіў за нагу. Рана аказалася нязначнай, і мужчыны яе праігнаравалі.

У вёску прыехалі ветэрынары. Яны ізалявалі янота, узятыя пробы пацвердзілі падазрэнне — жывёла хворая на шаленства. А значыць людзям, якія з ёй кантактавалі, патрэбна неадкладная дапамога.

Аказаць дапамогу мужчыну, які апынуўся ў бальніцы, было проста. А вось пошукі другога кантакцёра крыху зацягнуліся. Дома мужчыны не было — паехаў у райцэнтр і … знік. Як высветлілася, трапіў у ізалятар часовага ўтрымання РАУС.

У рэшце рэшт усе пацярпелыя ў выніку кантакту з хворым на шаленства янотам атрымліваюць антырабічныя прышчэпкі, — запэўнівае Святлана Вярцінская, памочнік доктара-інфекцыяніста раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

Назіранне ўстаноўлена і за сабакам, з якім кантактаваў шалёны янот, за іншай хатняй жывёлай у Атрадным і навакольных вёсках. Але тут сітуацыя больш аптымістычная. У маі сёлетняга года ветэрынары праводзілі вакцынацыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0