Чытач «Нашай Нівы» Максім Міровіч даслаў у Рэдакцыю фота з вуліцы Якуба Коласа ў Мінску — там над адным з аддзяленняў «Беларусбанка» правіс нават не дах, але частка агульнай канструкцыі пад суседскім балконам.
Максім з жартам робіць выснову, што прычынай магло б быць гняздо, якое, як аказваецца, там змайстравалі сабе птушкі — ці пацярпеў нехта з іх, невядома.
Але ў банку тлумачаць, што сувязі з гняздом тут няма або яна мізэрная: маўляў, праблема ў тым, што суседзі зверху перагрузілі свой балкон, у выніку чаго ўся канструкцыя прасела.
«Хутка адрамантуем», — запэўнілі там.
У КУП ЖКГ Савецкага раёна Мінска паведамілі, што цяпер праводзіцца дэмантаж металапрофіляў па перыметры гаўбца першага жылога паверха дома № 47 корп. 1 па вул. Я. Коласа з наступным абследаваннем і аднаўленнем балконнай пліты.