Арцём Харашэй знік 23 жніўня. Паведамлялася, што раніцай ён паехаў у грыбы ў лес побач з возерам Свір і перастаў выходзіць на сувязь.

На пошукі сабраліся валанцёры. 25 жніўня ў лесе недалёка ад вёскі Няверавічы (Мядзельскі раён) знайшлі аўтамабіль Арцёма, пасля і цела хлопца.

Афіцыйны прадстаўнік упраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама Сяргей Басько распавёў парталу mlyn.by, што паводле папярэдняй версіі, Харашэй скончыў жыццё самагубствам. Праверку па факце гібелі праводзіць Мядзельскі раённы аддзел Следчага камітэта.

Арцёму Харашэю было 25 гадоў. Апошнія 2 гады ён працаваў выкладчыкам гісторыі у Вілейскім каледжы. Цяпер быў у адпачынку, мусіў вярнуцца на працу 30 жніўня.

«Разумны хлопец. Скончыў магістратуру, вучыўся ў аспірантуры БДУ. Для нас гэта шок, ніхто не чакаў такога. Прыкмет, што штосьці не ў парадку, аніякіх не было. Праблем з працай таксама. Арцём быў на добрым рахунку, вельмі разумны хлопец, вельмі добры спецыяліст», — кажуць у каледжы.

Харашэй родам з адной з вёсак Мядзельскага раёна, там і па сёння жывуць яго бацькі. У Вілейцы ён жыў адзін у інтэрнаце ад каледжа. Не жанаты, дзяцей не меў.

27 жніўня Арцёма Харашэя пахавалі. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?