Што такое дарвінаўская медыцына?

Дарвінаўская медыцына — гэта спроба прыкласці эвалюцыйную тэорыю Дарвіна да ўсяго спектру навук аб здароўі.

Гэта значыць, што асноўныя, паводле тэорыі Дарвіна, фактары эвалюцыі —

  • спадчынная зменлівасць,
  • барацьба за існаванне,
  • натуральны адбор,
  • ізаляцыя —

разглядаюцца як прычыны і наступствы хвароб, старэння, смерці.

Так, дарвінаўская медыцына сцвярджае, што гены старэння не адбракоўваюцца ў працэсе натуральнага адбору, бо яны даюць арганізму перавагі ў маладым узросце, калі сіла адбору мацнейшая.

У галіне эпідэміялогіі дарвінаўскія падыходы заключаюцца ў тым, што ўлічваецца ўзаемная эвалюцыя паразіта і гаспадара і іх узаемны ўплыў. У анкалогіі — пухліны таксама разглядаюцца як удзельнікі эвалюцыйнага працэсу, што прыводзяць да з’яўлення клетак новага тыпу.

Ці існуюць карысныя хваробы?

Бадай кожны чалавек ставіцца да хваробы як да асабістай бяды. Але з пункту гледжання эвалюцыйнай тэорыі, любая хвароба — гэта добра для ўсяго віду і для эвалюцыі ў цэлым, бо ў выніку выпрацоўваюцца абарончыя механізмы. Усе тыя праявы хвароб — высокая тэмпература цела, кашаль, дыярэя, запаленне, ваніты і г.д. — якраз праявы абарончых механізмаў, паказчык таго, што арганізм змагаецца з хваробай. Часам мы дапамагаем арганізму, прымаючы пэўныя лекі, але часта арганізм спраўляецца і сам.

Вобразна кажучы, хвароба (дакладней, хваробатворныя вірусы і мікробы) і арганізм, які яны атакуюць, прыходзяць да пэўных кампрамісаў. Напрыклад, такія захворваннямі, як халера або сіфіліс, яшчэ два стагоддзі таму хварэла больш людзей, гэтыя хваробы працякалі ў больш цяжкай форме і часцей прыводзілі да смерці людзей. Але цяпер яны больш лагодныя, паражаюць менш народу і ў сярэднім працякаюць нашмат лягчэй. Гэта тлумачыцца тым, што смерць «гаспадара» з’яўляецца тупіком і для патагенаў: яны таксама паміраюць. Калі ж ён выжывае, то і патагены атрымліваюць мажлівасць працягваць існаванне далей і заражаць іншых.

Чалавецтва адкрыла антыбіётыкі — але бактэрыі эвалюцыянуюць і навучыліся процістаяць ім. Гэта класічны прыклад эвалюцыйнай тэорыі ў дзеянні, прыклад дзеяння натуральнага адбору. І эвалюцыя ідзе далей, узмацняючы канкурэнцыю паміж відамі.

А смерць таксама — добра?

З пункту гледжання эвалюцыйнай тэорыі — так. З’яўляючыся найвялікшай трагедыяй асобнага чалавека і ягонай сем’і, адначасова смерць — гэта вялікае дабро для віду Homo sapiens у цэлым, бо яна «вызваляе месца» для з’яўлення новых асобін, больш прыстасаваных да навакольных умоваў, а значыць, для больш дасканалых.

Дык што, давайце хварэць?

Да гэтага ніхто не заклікае. Але дарвінаўская медыцына пэўнаю мераю даследуе галоўнае пытанне — пра сэнс жыцця людзей, і таму вартая падтрымкі. Эвалюцыйны падыход дае глыбокі аналіз сувязі паміж хваробай і здароўем, можа інтэграваць несумяшчальныя падыходы ў медыцыне і прапанаваць новыя спосабы тэрапіі. Яго ўніверсальнасць і сіла могуць прывесці да прызнання эвалюцыйнай біялогіі як базавай медыцынскай навукі.

А што ў будучыні?

Многія вучоныя лічаць, што чалавецтва наблізілася да таго, каб дасягнуць несмяротнасці. У недалёкай будучыні хваробы і смерць знікнуць. Цалкам рэальна, гавораць абазнаныя ў гэтай галіне спецыялісты, што ўжо гадоў праз 50 прагрэс дойдзе да таго, што людзі навучацца перамагаць хваробы.

Як зараз многія носяць на запясці фітнэс-бранзалеты, якія дазваляюць кантраляваць фізічную нагрузку, людзі будуць насіць бранзалеты, якія будуць кантраляваць стан іх здароўя і папярэджваць узнікненне хваробаў, своечасова ўводзячы ў арганізм неабходныя лекі.

Людзі шчыльна наблізіліся да таго, каб вырошчваць новыя органы для трансплантацыі. Калі гэта адбудзецца — хваробы і смерць знікнуць. Людзі стануць несмяротнымі.

Тады смерць знікне, але спыніцца і эвалюцыя нашага віду. Сама сутнасць чалавека зменіцца, то-бок людзі перастануць быць людзьмі, ператварыўшыся ў кагосьці іншага. А эвалюцыя іншых відаў працягнецца. Як і працягнецца ўдасканаленне (эвалюцыя) штучнага розуму, створанага людзьмі.

І што чакае людскі род — ніхто не можа сказаць. Можа быць, людзі стануць кімсьці накшталт багоў, а можа, уладу на нашай Зямлі захопіць нейкі іншы від або штучны розум, які стане ставіцца да людзей так, як цяпер мы ставімся да жывёл і раслін — бязлітасна выкарыстоўваць у сваіх патрэбах.

Гэтую будучыню прадказаць немагчыма — у гэтым сходзіцца большасць навукоўцаў. Але будучыню гэтую ўжо пабачаць на свае вочы наймаладзейшыя за нас — у гэтым навукоўцы таксама сходзяцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?