Начальнік аддзела наркакантролю Ленінскага РАУС Магілёва атрымаў 10 гадоў пазбаўлення волі.

28 жніўня генпракурор Аляксандр Канюк распавёў журналістам, што буйны тэрмін атрымаў міліцэйскі начальнік з Магілёва. Па словах Канюка, міліцыянт «правакаваў грамадзян, уцягнутых у незаконны абарот наркатычных і псіхатропных рэчываў, на іх набыццё і ўжыванне з мэтай наступнага затрымання і прыцягнення да крымінальнай адказнасці».

Па інфармацыі «Нашай Нівы», той самы міліцыянт — гэта капітан Іван Пацёмкін. Ён прысуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Іван Пацёмкін (справа)

Іван Пацёмкін (справа)

Пацёмкін родам са Слаўгарада, у 2005 годзе ён паступіў у Акадэмію МУС на факультэт міліцыі. Пасля вучобы працаваў на пасадзе аперупаўнаважанага аддзялення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі УУС Бабруйскага гарвыканкама. Праз паўтара года перавёўся ў Магілёў. Займаўся тым жа, быў аператыўнікам у аддзеле наркакантролю.

Пацёмкін мае вялікую колькасць грамат за ўмелыя і прафесійна пісьменныя дзеянні, ініцыятыву, а ў 2013-м і 2014-м загадам начальніка РАУС прызнаваўся пераможцам за званне «Лепшы па прафесіі». У 2015 годзе Пацёмкіна прызначылі старэйшым аперупаўнаважаным аддзялення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі аддзела ўнутраных спраў адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва. Пазней ён узначаліў аддзел.

Раней пра Пацёмкіна з’яўляліся стандартныя хвалебныя артыкулы на сайце мясцовай міліцыі. Пасля яны па традыцыі зніклі, але ж Гугл усё памятае. Вось, што расказваў Пацёмкін у 2016 годзе:

«Сярэдні ўзрост наркамана — каля 19-20 гадоў. І такіх пераважная большасць. Гэта хлопцы, якія яшчэ толкам не вызначыліся ў жыцці і не разумеюць, што яны робяць са сваёй будучыняй. Для многіх гэта было і застаецца вясёлай гульнёй, з наступствамі якой зманліва можна справіцца. Мала тых, хто паспрабаваў адзін раз і адмовіўся ад згубнай прыхільнасці. Бываюць, што наркатычнымі сродкамі захапляюцца і дзяўчаты, на шчасце, такіх выпадкаў няшмат. Я бачыў хлопцаў, якія плачуць, усвядоміўшы, што нарабілі. Шкада, што гэта разуменне прыходзіць толькі пасля таго, як суддзя выносіць суровы прысуд».

Цяпер суворы прысуд вынеслі самому Пацёмкіну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?