У Берасцейскай вобласці ў 2008 г. 59% проб вады з грамадскіх шахтавых калодзежаў не адпавядалі санітарным нормам па хімічных паказчыках, у асноўным назіралася перавышэнне ўтрымання ў вадзе нітратаў.

Яшчэ 16,1% проб не адпавядалі стандартам па мікрабіялогіі. Пры гэтым у Ганцавіцкім раёне гэты паказчык дасягнуў 50%, у Камянецкім — 49%, у Драгічынскім раёне — 25%.

Як паведамілі БелаПАН у Брэсцкім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, такія паказчыкі якасці вады адпавядаюць прыкладна ўзроўню 2007 года. Правераныя летась былі ўсе 520 грамадскіх шахтавых калодзежаў. Да іх адносяцца тыя, якімі карыстаюцца дзве і больш сем’яў і якія знаходзяцца на балансе сельсаветаў або іншых ведамстваў.

Для змены сітуацыі з якасцю вады ў грамадскіх шахтавых калодзежах ва ўсіх раёнах рэгіёну завяршаецца праца па іх пашпартызацыі для перадачы на баланс мясцовых службаў ЖКГ. На думку спецыялістаў абласной санітарна‑эпідэмічнай службы, поўнасцю вырашыць гэтую праблему дазволіць цэнтралізаванае водазабеспячэнне.

Як зазначылі ў абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, у 2008 годзе колькасць нестандартных проб у цэнтралізаваным водазабеспячэнні ў Брэсцкай вобласці склала менш за 1%. Згодна з міжнароднымі нормамі, дапускаецца наяўнасць такіх проб да 5%.

На думку супрацоўнікаў цэнтра, такія паказчыкі ў цэнтралізаваных крыніцах абумоўлены тым, што тут для забору вады на пітныя мэты выкарыстоўваюцца падземныя воды з артэзіянскіх свідравін, глыбіня якіх складае ад 150 да 600 метраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?