Недарэчна, калі зьверху пачынаюць чытаць патрыятычныя маралітэ тым, хто заўсёды быў за незалежнасьць. Піша Аляксандар Класкоўскі.

У такіх выпадках Гарбачоў казаў: «Нам падкідваюць». Пасьля пэўных эківокаў улады мысьляры дэмакратычнай супольнасьці зноў ламаюць галаву над дылемай. Ісьці або не ісьці на «супрацоўніцтва з дыктатарам», калі Айчына ў небясьпецы?

Маецца на ўвазе расейскі сцэнар задушэньня нашай незалежнасьці газам. Дзеля яе абароны апазыцыі нібыта прапануецца стаць у адзін шыхт з уладай. Змагацца не «за Сталіна», а за Радзіму.

Але калі адкінуць мэтафары, дык што мы бачым?

Недарэчна, калі зьверху пачынаюць чытаць патрыятычныя маралітэ тым, хто заўсёды быў за незалежнасьць. У тым ліку й тады, калі дзяржаўныя прапагандысты заклікалі зьліцца з Расеяй у экстазе.

Нацыянальна сьвядомая грамада так ці іначай будзе змагацца за вольную Бацькаўшчыну (нават калі б здарылася найгоршае і намэнклятура ўжо стаяла ў чарзе па маскоўскія ярлыкі на княжаньне).

Дык што ж насамрэч прапануецца апанэнтам рэжыму? «Усяго толькі» зьняць нібыта недарэчныя – бо акурат жа «крытычныя дні»! – прэтэнзіі да кіроўных вярхоў. Адсунуць убок усе гэтыя свае дэмакратычныя бразготкі.

Тут некалькі разьлікаў.

Згуляць на незалежніцкім рэфлексе. Абуць наіўных у лапці. Максымальна нэўтралізаваць палітычных супраціўнікаў, каб не ачолілі пратэсты ва ўмовах нарастаньня эканамічных цяжкасьцяў. Атрымаць пэўны абсяг для гульні з Захадам (пабачце, панове, якая ў нас ідылічная ўнутраная кансалідацыя!). Урэшце, наладзіць даўно жаданую сэлекцыю. То бок пакінуць на развод «канструктыўную» апазыцыю і дадушыць астатнюю – як канчаткова выкрытую ва ўмовах газавай вайны пятую калёну.

Іншых, болей высакародных матываў, пакуль што не разгледзіш і празь мікраскоп. Бо іначай бы альгарытм дзеяньняў улады мусіў быць зусім іншым. Якая ж тут, трасца яе бяры, абарона Бацькаўшчыны, калі змагары-незалежнікі абяззброеныя, у кайданках, з анучай у роце?

Як ні парадаксальна, але сёньня, спэкулюючы момантам, хочуць яшчэ й дамагчыся нейкіх васальных клятваў ад тых, каму за незалежніцкія перакананьні столькі гадоў мялі рэбры.

Насамрэч ніякай дылемы (што найперш – дэмакратыя ці сувэрэннасьць?) перад апазыцыяй няма. Так даводзіць палітоляг Валер Карбалевіч. Бо дэ-факта пагроза незалежнасьці й дэмакратыі ў нас зыходзіць з адной крыніцы...

Калі ж фантастычным намаганьнем уявіць, што ўлада насамрэч дасьпела, каб паставіць на службу сувэрэнітэту дэмакратычны патэнцыял, то трэба яго элемэнтарна разьняволіць. Выпусьціць з-за кратаў усіх ахвяраў палітычнага перасьледу. Стварыць партыям людзкія ўмовы – для пачатку на мясцовых выбарах (пусьціць нарэшце ў гэтыя табуяваныя выбаркамы!). Вярнуць у каталёгі ды шапікі незалежную прэсу (заўважце, адзін корань зь «незалежнасьцю»!). Сьпіс можна доўжыць і доўжыць, бо задушылі ж усё, што маглі.

Сёньня, калі навісла расплата за інтэграцыйныя гулі, менавіта ўлада мусіць даводзіць сваю адданасьць ідэалам незалежнасьці. А не распачынаць іншыя, цяпер ужо фальшыва-патрыятычныя забаўкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0