Беларуская міліцыя парадавала добрай навіной: знайшлася Юлія Маісеенка, якая знікла 20 гадоў таму 4-гадовым дзіцём.

Высветлілася, што дзяўчына вырасла ў Разані, дзе яе нібы высадзіў з цягніка невядомы. Пасля быў інтэрнат, затым Юля трапіла ў прыёмную сям’ю. А зусім нядаўна яна пазнаёмілася з хлопцам, які даведаўся, што яго каханая — сірата, і вырашыў паспрабаваць адшукаць яе сям’ю.

«У дзяжурную службу Пухавіцкай міліцыі паступіў званок з Расіі: па ключавых словах «дзяўчынка Юля», «4 гады», «згубілася дзіця» малады чалавек знайшоў інфармацыю пра зніклую без вестак чатырохгадовую Юлю, — паведамляе МУС. — Тыдзень таму ўсе ўдзельнікі гэтай гісторыі сустрэліся ў Пухавіцкім РАУС».

Бацька Юлі, Юля, яе мама і Ілля — сябра дзяўчыны

Бацька Юлі, Юля, яе мама і Ілля — сябра дзяўчыны

Сапраўдны хэпі-энд: нават тэст ДНК пацвердзіў, што дарослая разанская прыгажуня Юля — сапраўды тая самая дзяўчынка, якая згубілася 20 гадоў таму.

Але ж засталіся і пытанні.

Як дарослыя людзі маглі згубіць 4-гадовае дзіця ў электрычцы? Як Юля трапіла ў Расію і чаму ў Разань? Чаму яна не магла адшукаць сваю сям’ю столькі гадоў, калі яе бойфрэнд зрабіў гэта фактычна за пару дзён?

«Наша Ніва» звязалася з Людмілай, біялагічнай мамай Юлі. Яна распавяла, што 1 кастрычніка 1999 года, 20 гадоў таму, яе муж паехаў прадаваць бульбу ў Пухавічы і ўзяў з сабою дачку.

«Мы жылі ў Новым Сяле, муж паехаў у Пухавічы прадаваць бульбу. Там тры прыпынкі было ехаць электрычкай.

І з ім усё прасілася старэйшая дачка, але муж яе не ўзяў. А малодшай адмовіць не змог, яна яго фактычна ўгаварыла. Паехала з ім.

І вось ён прадаў бульбу ў Пухавічах, вяртаўся. Набыў дачцэ семкі».

Муж трохі выпіў, прызнае Людміла. Але яна ўпэўненая: 4-гадовую Юлю скралі.

«Бо муж прачнуўся ў Асіповічах — яго расштурхалі машыністы. Быў увесь у крыві. Грошы былі пры ім, а Юлі не было, — кажа Людміла. — Пасля яго пасадзілі на першую ж электрычку да Новага Сяла.

Ён прыехаў дадому ўвесь як у тумане. Пабаяўся сказаць, што дачка знікла, схлусіў, што пакінуў яе ў Пухавічах у бабкі, якая семкі прадае…

Мы адразу туды паехалі. Знайшлі бабку. Яна кажа, што так, падыходзіў мужчына з дзяўчынкай малой, набывалі семкі. Але дзяўчынку ён не пакідаў…»

Прыгадваючы тыя падзеі, Людміла пачынае плакаць.

Пасля пайшлі ў міліцыю, у мужа забралі вопратку, праверыць, ці не дзіцячая на ёй кроў. Кроў не супала. Юлю пачалі шукаць.

«Я на кожным слупе вешала аб’явы, што прапала дачка. Не было ніякай рэакцыі. Хадзіла ў міліцыю, тыя казалі: мы шукаем», — кажа Людміла.

Вышук працягнуўся 20 гадоў.

«Шукалі Маісеенка Юлю, а ў Разані з інтэрната яна ж выйшла Івановай. Не ведаю, як так атрымалася. Маё прозвішча «Бова», можа, яна так сказала, і паблыталі, бо маленькая ж зусім была, чатыры гады… Яна памятала, што мама Люда, тата Віця, а прозвішча можа быць і забылася», — мяркуе Людміла.

Сама Юлія распавяла «Нашай Ніве», што не памятае падзей таго вечара.

Дзе яна правяла некалькі тыдняў, таксама невядома. Бо яна знікла з электрычкі 1 кастрычніка, а ў Разані яе знайшлі аж 21-га.

«Сёння я ўжо гэтага зусім не памятаю. Але калі я была малая, то расказвала, што кудысьці мы хадзілі з нейкім дзядзькам і нейкай цёткай, доўга недзе хадзілі, хаваліся ад міліцыі… — кажа Юлія. — Пасля той мужчына высадзіў мяне з цягніка на вакзале ў Разані. Сказаў: стой тут. Я стаяла, а цягнік з’ехаў».

Знайшлі маленькую Юлю патрульныя міліцыянты. Адвезлі ў аддзяленне.

«Тое, што я з Беларусі, я проста не разумела. Плюс такая дэталь: у мяне ў руках была кніжка, на якой стаяла пячатка бібліятэкі горада Ражска, гэта невялікі правінцыйны горад пад Разанню. Таму ніхто і не мог уявіць, што я беларуска. Думалі, што ці то з Разані, ці то аднекуль побач, правяралі мясцовыя гарады і вёскі», — кажа Юлія.

Пасля дзяўчынку перадалі ў цэнтр псіхалагічнай падтрымкі для дзяцей, якія трапілі ў цяжкую сітуацыю. Па словах Юліі, там вырашалася, ці перададуць яе ў інтэрнат, ці, можа, знойдуць ёй сям’ю. Але, на шчасце, усё вырашылася даволі хутка, знайшліся тыя, хто захацеў стаць апекунамі дзяўчынкі. Ужо ў маі яе забрала новая сям’я, дзе Юля і вырасла.

Сёння Людміла ўпэўненая, што дачку 20 гадоў таму скралі цыганы. Яна нават расказвае, што 20 гадоў таму недзе побач з іх вёскай стаялі цыганы. Як толькі знікла Юля, цыганы таксама кудысьці з’ехалі.

«Я паняцця не маю, былі гэта цыганы ці нейкія бамжы… Як выглядалі людзі, з якімі я там хадзіла тыя пару тыдняў, я таксама ўжо не памятаю: здаецца, светлавалосы мужчына быў, жанчына таксама светленькая, хударлявая… Ды і якая ўжо розніца. Увогуле, я тады не разумела, што адбываецца, нават думала, што той мужчына, які высадзіў мяне ў Разані, — гэта мой бацька, які чамусьці вось так са мной абышоўся, — узгадвае Юлія. — Але я ні пра што не шкадую і вініць нікога не хачу. Як склалася жыццё, так і добра. Злосці ў мяне ні да каго няма. Вінаваціць біялагічных бацькоў мне таксама няма ў чым».

«Можна судзіцца з міліцыяй, чаму не знайшлі, ці шукаць вінаватых, але я ўжо нічога не хачу. Знайшлася — і дзякуй богу, — кажа Людміла. — Цяпер яна мяне называе мамай, але на «вы». Але сама я адразу зразумела, што Юля — мая дачка, як толькі яе ўбачыла. Ніякія тэсты ДНК не трэба было рабіць».

Акрамя дачкі, Людміла пазнаёмілася адразу і з унучкай (праўда, пакуль толькі па відэасувязі). Аказалася, што Юля мае 5-гадовую дачку.

«Я распавяла дачцэ ўсю гэтую гісторыю, яна вельмі здзівілася. Усё перапытвала: мама, гэта праўда?» — пасміхаецца Юлія.

Але ж як яна не змагла сама знайсці тую інфармацыю, якую адшукаў яе хлопец Ілля?

«Раней я таксама гугліла пра сябе, пра знікненне. І неаднаразова. Але нічога не знаходзіла. Пыталася ў апекуноў маіх. Але інфармацыі ніякай не было. У інтэрнэце не было артыкулаў нават пра тое, што вось у Разані знайшлася дзяўчынка. Ну я і вырашыла, што, значыць, такія былі мае бацькі, якім я не патрэбная, — кажа Юлія. — А пасля Ілля пачаў пошук па ключавых словах і натрапіў на нейкі беларускі сайт. Паказаў мне. Першай маёй думкай было: ого, няўжо ж гэта пра мяне? Пагаварыла з апекунамі, яны сказалі, што, можа, гэта і праўда, чаму не… Тады мы звязаліся з беларускай міліцыяй. І ўжо на наступны дзень міліцыянты далі нам кантакт маіх беларускіх бацькоў, запрасілі прыехаць у Беларусь».

Сёння Юлія плануе застацца ў Разані. Тым больш што яна тут вучыцца на фармацэўта. Што далей — будзе бачна.

«Прынамсі, пакуль што планаў пераязджаць у Беларусь у мяне няма», — кажа Юлія.

Чытайце таксама:
«Яна памятала толькі, як прымушалі жабраваць у электрычках». Гутарка з прыёмнай маці Юлі, якая знікла 20 гадоў таму

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?