Нядаўнія пагадненні ў вайсковай галіне абудзілі фантазію расійскіх генералаў. Галоўнакамандуючы ВПС Расіі Зелін ужо марыць пра тое, каб ставіць перад аб’яднанай сістэмай супрацьпаветранай абароны «задачы супольнага прымянення ўдарнай авіацыі».

То бок — прызначанай не толькі збіваць цэлі, але і наносіць удары па цэлях імавернага праціўніка.

На развагі нецярплівых расійскіх стратэгаў Мінск рэагуе нервова. Бо могуць жа сапсаваць мядовы месяц з ЕС! Так, нечуваны адлуп ад беларускага МЗС атрымаў амбасадар Сурыкаў за эківок наконт магчымай пасылкі беларускіх салдат у гарачыя пункты пад сцягам КСАР — калектыўных сіл аператыўнага рэагавання, што ствараюцца ў межах АДКБ. Раней такі металічны тон беларускае дыпламатычнае ведамства ўжывала толькі да заходніх імперыялістаў :)

А кіраўнік ведамства Мартынаў увогуле цэлы тыдзень патраціў на абяленне таго, што наша начальства нападпісвала днямі ў Маскве. Маўляў, і пра адзіны рубель — лухта, і адзіная рэгіянальная сістэма СПА — гэта толькі канстатацыя статус-кво, і ў гарачыя пункты нашы хлопцы не трапяць ні пад якім соўсам.

Эксперты сапраўды кажуць: тая дамова пра СПА, напрыклад, рамкавая і расплывістая. Пад яе яшчэ кучу дакументаў прыняць трэба. Плюс Мінск напэўна запатрабуе мільярды на мадэрнізацыю сваёй сістэмы СПА (Павел Барадзін, які ведае толк у грашовых праектах, ужо цвердзіць пра $20 млрд.). Наўрад ці разгоніцца беларускае кіраўніцтва і рэальна удзельнічаць у тых КСАР. Як казаў булгакаўскі герой, «на ўлік вазьмуся, а ваяваць — дулю з маслам» :)

Карацей, тактыка знаёмая. Раней беларускае начальства «разводзіла на бабкі» Маскву цераз праект «саюзнай дзяржавы». Цяпер

знойдзены чарговы пункцік Крамля: мроя пра супрацьвагу НАТО і аднаўленне стратэгічнага дамінавання на максімуме постсавецкай прасторы. За гэта расійскае кіраўніцтва гатовае раскашэльвацца нават ва ўмовах крызісу.

Вунь кіргізы, атрымаўшы бонус, адразу паказалі на дзверы амерыканцам, што арандуюць авіябазу «Манас».

І беларусам перапала за згоду на АРС СПА ды КСОР: крэдыты, танны газ. Дарэчы, з кулуараў пратачылася: Масква нібыта гатовая адсунуць на некалькі гадоў пераход на «еўрапейскія цэны» паставак газу Беларусі.

У Мінску звыкла выбіраюць немудрагелістую формулу «нам бы дзень прастаяць ды ноч пратрымацца». Так,

досвед замыльвання ўсякіх супольных дамоваў з Расіяй — сапраўды багаты, таленту не займаць. Але ж і ў Маскве не дурні. Там аблытваюць Беларусь ўсё новымі пагадненнямі, крытычная маса якіх здольная паставіць крыж на незалежнасці.

На думку палітолага Валера Карбалевіча, «падпісанне Беларуссю пагадненняў аб АРС СПА і КСАР стварае прэцэдэнт абмену часткі суверэнітэту на расійскія эканамічныя субсідыі. Гэта разбурае адну з асноватворных беларускіх ілюзій, нібыта магчыма доўгі час атрымліваць дапамогу ад усходняй суседкі і пры гэтым захоўваць незалежнасць».

Як кажуць расійцы, «коготок увяз — всей птичке пропасть».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?