Парламент Грузіі выказаў вотум даверу ўраду на чале з былым кіраўніком МУС Георгіем Гахарыем, піша ria.ru.

Гахарыю падтрымалі 98 з 150 дэпутатаў. Такім чынам яны зацвердзілі новага прэм'ера, абноўлены склад Кабінета міністраў і ўрадавую праграму. Апазіцыя ўдзел у галасаванні не брала.

Гахарыя стаў пятым па ліку прэм'ерам пасля перамогі партыі «Грузінская мара» на парламенцкіх выбарах у 2012 годзе.

2 верасня былы прэм'ер Грузіі Мамука Бахтадзэ заявіў аб сыходзе з пасады, патлумачыўшы сваё рашэнне тым, што ён выканаў усе свае місіі і задачы.

Па законе кандыдатуру на пасаду прэм'ера можа вылучыць палітычная партыя, якая атрымала на парламенцкіх выбарах найлепшы вынік - «Грузінская мара». Яе заснавальнік і старшыня Бідзіна Іванішвілі не хаваў, што ініцыятыва вылучэння кандыдатуры Гахарыі належала яму. Гэта рашэнне раскрытыкавала апазіцыя і яе прыхільнікі.

Менавіта адстаўкі Гахарыі патрабавалі тры месяцы ўдзельнікі пратэстаў у Тбілісі. Яны лічылі, што Гахарыя павінен панесці адказнасць за разгон мітынгу ў цэнтры Тбілісі ў ноч на 21 чэрвеня. Пры разгоне акцыі, якая была справакаваная візітам і выступам у парламенце расійскага дэпутата Сяргея Гаўрылава, пацярпелі 240 чалавек.

Пасля таго як было абвешчана, што Гахарыя можа заняць пасаду кіраўніка ўрада, у Тбілісі паднялася новая пратэстная хваля.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0