У Беларусь упершыню за пяць стагоддзяў вярнуліся тарпаны ФОТЫ
Дзікіх коней — тарпанаў, 151 галаву, ландшафтнаму заказніку «Налібоцкі» бясплатна перадалі галандцы.
Пра гэта «Нашай Ніве» расказала інжынер-эколаг заказніка Ларыса Кулак.
«Амаль пяць стагоддзяў таму тарпаны былі звычайнымі жывёламі ў нашых пушчах. Яны мірна жылі ў суседстве з зубрамі, турамі, ласямі ды аленямі. Нават цяпер, пакуль жывёлы ў нас на каранціне, мы заўважылі, што яны літаральна «падбрылі» ўсю расліннасць, на якую іншыя жывёлы не звяртаюць увагі. Тым жа зубрам падавай толькі крыху адрослую траву. Тарпаны ж ядуць і хмызнякі, і быллё», — расказвае спецыялістка.
Таму і вырашылі ў заказніку аднавіць гэты ланцужок, якога не хапае ў фаўне запаведніка. Пачалі весці перамовы аб набыцці тарпанаў з галандцамі, якія аднавілі гэты страчаны ў нас від коней.
«І нечакана яны адгукнуліся. Сказалі, што папуляцыя гэтых коней у Галандыі вялікая, таму перададуць нам іх бясплатна. Спачатку дамаўляліся на 50 галоў, але калі галандцы ўбачылі, якія плошчы ў нашым распараджэнні, перадалі яшчэ 101 каня», — расказвае Ларыса Кулак.
Новае месцажыхарства прыйшлося табуну даспадобы, бо ўжо тут, у Беларусі, нарадзілася першае жарабя.
«Егеры назвалі яго Іванавіч, я ж называю Амстэрдамам», — смяецца інжынер.
Пакуль тарпаны знаходзяцца на каранціне.
«Іх месцазнаходжанне абмежаванае электрапастухом. Мы падкормліваем іх, каб жывёла не збягала далёка. Хаця нам расказвалі, што гэтыя коні не маюць звычкі збягаць у лес. А ў Налібоцкай пушчы вялізныя лугавыя тэрыторыі, так што коням будзе што есці. Важным пунктам нашай дамовы з галандцамі стала тое, што гэтых коней ні ў якім разе нельга выкарыстоўваць для сельскагаспадарчых работ, для верхавой язды. Тарпаны павінны абыходзіцца без дапамогі з боку чалавека», — расказвае Ларыса Кулак.
Акрамя гэтага, тарпаны вельмі прыгожыя коні. Мышастага колеру, з чорнай палоскай на спіне. І яшчэ яны не высокага росту, таму зблытаць іх з хатнімі коньмі нельга ніяк.
Каментары