Грамадзяніну Ўкраіны Аляксандру Ч. (прозьвішча вядома) пагражае ад 12 да 15 гадоў зьняволеньня. Паводле рашэньня Валынскага апэляцыйнага суда, абвінаваўчы акт будзе разглядаць Луцкі гарадзкі і раённы суд Валынскай вобласьці.

«Працэдура аўтаматычнага разьмеркаваньня вызначыць склад калегіі судзьдзяў, якія будуць разглядаць гэтую справу. Пасьля гэтага судзьдзі прызначаць дату разгляду справы па сутнасьці», — паведамілі Свабодзе ў Валынскім апэляцйным судзе.

Сьледзтва абвінаваціла ўкраінца ў дзяржаўнай здрадзе, якая была ўчынена наўмысна на шкоду дзяржаўнай і інфармацыйнай бясьпецы Ўкраіны: шпіянаж і дапамога прадстаўнікам замежнай дзяржавы ў правядзеньні дывэрсійнай дзейнасьці супраць Украіны.

Як вынікае з матэрыялаў крымінальнай справы, Аляксандар Ч. у канцы лета 2004 году даў вусную і пісьмовую згоду начальніку аддзелу выведкі Пінскага памежнага атраду «Рэчыца» аб канфідэнцыйным супрацоўніцтве. Паводле дамовы, ён мусіў перадаваць беларускаму боку інфармацыю аб сыстэме бясьпекі дзяржаўнай мяжы і асабістым складзе падразьдзяленьняў на памежных участках у Ратнаўскім і Дубровіцкім раёнах Валынскай вобласьці. Перадача інфармацыі, паводле сьледзтва, ажыцьцяўлялася пры дапамозе сотавай сувязі (у справе зазначаецца дакладны нумар мабільнага тэлефону).

Такім чынам, паводле сьледзтва, Аляксандар Ч. «уступіў у агентурныя адносіны з замежнай спэцслужбай і, адпаведна, стварыў умовы для замежных спэцслужбаў для ажыцьцяўленьня выведвальнай дзейнасьці на тэрыторыі Ўкраіны».

У абвінаваўчым акце адзначаецца, што ўкраінец працягваў супрацу да свайго звароту ў СБУ, у якім і паведаміў аб вэрбаваньні.

Адвакат абвінавачанага Ўладзімір Раманоўскі адмовіўся ўдакладняць дэталі справы і прафэсійную прыналежнасьць свайго кліента: «Я не магу камэнтаваць абставіны гэтай справы».

Сёлета ў жніўні стала вядома, што грамадзянін Украіны добраахвотна зьвярнуўся ў Службу бясьпекі і назваў імя свайго вэрбавальніка ў Беларусі. Ім нібыта быў супрацоўнік Упраўленьня фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Берасьцейскай вобласьці Ўладзіслаў Л. Гэты выпадак адбыўся таксама на Валыні.

Гэта пяты выпадак нібыта вэрбаваньня ўкраінцаў беларускімі спэцслужбамі і першы, калі абвінавачаньне патрабуе пакараньня. Дагэтуль усіх украінцаў, якія добраахвотна паведамлялі аб сваім вэрбаваньні, вызвалялі ад крымінальнай адказнасьці.

Пасьля першых аналягічных гісторый у прэсавым цэнтры Службы бясьпекі Ўкраіны Свабодзе заяўлялі, што такія факты фіксуюцца «амаль сыстэматычна». Што праўда, пра іх ніколі не паведамляюць афіцыйна — усе яны сталі вядомыя пасьля публікацыі судовых рашэньняў аб закрыцьці крымінальных спраў супраць украінцаў, якія добраахвотна паведамілі СБУ пра сваё вэрбаваньне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?