Дзве царквы абакралі ў Іванаўскім раёне, скралі іконы і ахвяраванні, паведамляе сайт УУС Брэсцкага аблвыканкама.

Настаяцель царквы Святой Параскевы Сербскай у вёсцы Лядавічы Іванаўскага раёна паведаміў у міліцыю пра тое, што ў перыяд з 14.00 8 верасня да 13.00 10 верасня з храма былі выкрадзены абраз і грошы. На месца здарэння неадкладна выехалі супрацоўнікі крымінальнага вышуку. Праваахоўнікі высветлілі, што зламыснік адціснуў створкі шклопакета, пранік у царкву і скраў грошы са скрыні для ахвяраванняў, а таксама абраз.

«Праз дзве гадзіны паступіла яшчэ адно паведамленне, у гэты раз ад настаяцеля храма Узвышэння Святога Крыжа ў аграгарадку Бродніца. Ён распавёў, што невядомы з царквы выкраў восем абразоў. Праваахоўнікамі ўстаноўлена, што зламыснік пракраўся ў храм, сарваўшы навясны замак з дзвярэй запаснога ўваходу», — праінфармавалі ва УУС.

Па першым факце крадзяжу супрацоўнікамі РАУС праводзіцца праверка, па другім факце — крадзяжы васьмі абразоў — заведзена крымінальная справа па ч. 1 арт. 205 КК.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0