У Генеральным штабе Узброеных сіл Беларусі распрацоўваецца задума беларуска‑расійскіх аператыўна‑стратэгічных вучэнняў «Захад‑2009», якія плануецца правесці восенню.

Як паведаміла прэс‑служба Міністэрства абароны, у аснову задумы вучэнняў пакладзены варыянты развіцця ваенных канфліктаў апошніх дзесяцігоддзяў і сучасныя погляды на прадухіленне і адбіццё агрэсіі.

Паводле папярэдніх звестак, колькасць асабовага складу, які будзе ўдзельнічаць ў вучэннях на тэрыторыі краіны, можа скласці прыкладна 13 тыс. ваеннаслужачых,

з якіх ад Узброеных сіл Беларусі — прыблізна 6—7 тыс., ад Узброеных сіл Расіі — прыблізна 5—6 тыс.

Для ўдзелу ў вучэннях у Беларусь прыбудзе некалькі асобных вайсковых часцей з шэрагу ваенных акруг РФ.

З 10 лютага па 20 сакавіка пад кіраўніцтвам начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл — першага намесніка міністра абароны Беларусі генерал‑лейтэнанта Сяргея Гурулёва праводзіцца сумесная штабная трэніроўка Аб’яднанага камандавання рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл) Беларусі і Расіі. У яго склад увайшлі афіцэры цэнтральных органаў ваеннага кіравання дзвюх краін, штабоў шэрагу ваенных акруг Узброеных сіл Расіі.

Падчас трэніроўкі адпрацоўваюцца пытанні сумеснага планавання аперацый і баявых дзеянняў, арганізацыі ўзаемадзеяння і кіравання войскамі і сіламі на ўсіх узроўнях.

Трэніроўка праходзіць у межах сумесных мерапрыемстваў аператыўнай і баявой падрыхтоўкі ўзброеных сіл Саюзнай дзяржавы і з’яўляецца мерапрыемствам падрыхтоўкі органаў ваеннага кіравання і войскаў (сіл) да вучэнняў «Захад‑2009», якія будуць мець абарончую накіраванасць.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0