Сярэдняя школа №15 у Гомлі.

У Гомлі 13 верасьня са школы № 15 звольнена настаўніца пачатковых клясаў. Яна пагражала вучню 4 клясы, што стукне яго партай, брудна лаялася і абражала малалетняга. Вечарам 13 верасьня ў школе прайшоў бацькоўскі сход, піша Радыё Свабода.

Чытайце таксама: «Я ў турму пайду, а табе п***ец будзе»: гомельская настаўніца кінулася на 4-класніка, бо той засмяяўся ВІДЭА

На бацькоўскім сходзе былі намесьнік старшыні гарвыканкаму Віталь Атаманчук, начальнік упраўленьня адукацыі Сяргей Парошын і іншыя чыноўнікі.

На сходзе Парошын патлумачыў бацькам сытуацыю, папрасіў прабачэньня, і абвясьціў, што настаўніца звольнена. Яна выкладала ў 2 клясе, у 4 кляс у дзень інцыдэнту трапіла на замену.

«Факты, выкладзеныя ў відэа, якое трапіла ў інтэрнэт, знайшлі сваё пацьверджаньне. Настаўніца пісала тлумачальную, яна ўсьведамляе свае дзеяньні як няправільныя. Мы шкадуем, што так атрымалася», — патлумачыў на сходзе начальнік упраўленьня адукацыі.

Сярэдняя школа №15 у Гомлі.

Настаўніца працавала ў школе 35 гадоў. Ёй хутка на пэнсію. Бацькі, дзеці якіх вучацца ў 2 клясе, шкадуюць, што іх настаўніцу звольнілі.

«У клясу да яе летась набіралі дзяцей, і прасіліся 35 чалавек, усім не хапіла месцаў, многія пакрыўдзіліся. Значыць, яна добры пэдагог, але вось не стрымалася», — патлумачыў адзін з бацькоў, сын якога вучыцца ў 2 клясе.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?