Жывёлінка, якая цудам выжыла падчас моцнага пажару і сама папрасіла дапамогі ў людзей, цяпер самы папулярны герой аўстралійскага Інтэрнета.
Падчас моцных пажараў у Аўстраліі пацярпелі не толькі людзі, але й жывёлы. Авечкі, кенгуру, каалы.
Гэтага каалу пажарны Дэвід Тры сустрэў са сваім патрулём непадалёк ад мястэчка Мірбу Норт, што за 150 км на поўнач ад Мельбурна. Акурат па гэтых мясцінах і пракаціўся самы моцны пажар.
Дэвід пабачыў каалу, які бездапаможна стаяў пасярод пагарэлішча. Звычайна каалы рэдка спускаюцца на зямлю, цэлымі днямі бавячыся на дрэвах эўкаліптаў ды па 16‑18 гадзін спяць.
А гэты каала, пабачыўшы людзей, не ўцякаў і нават не шчэрыў на іх зубоў.
«Гэта было дзіўна, ён нібы звяртаўся да нас, седзячы на задніх лапах і так кранальна глядзеў, нібы хацеў сказаць: аблегчы мае пакуты,‑‑ кажа Дэвід. — Я гукнуў, каб мне перадалі вады. Я ўзяў бутэльку, адкаркаваў яе і працягнуў каалу. Ён пачаў жадна піць, выпрастаўшы лапы па бутэльцы нібы дзіця».
Каалы звычайна не п’юць вады, задавольваючыся вільгаццю, што ўтрымліваецца ў эўкаліптах. Але гэтым разам навакол усе дрэвы пагарэлі.
Каалу забралі і перавязалі, цяпер ён сапраўдны любімчык Аўстраліі і самы папулярны ў Інтэрнеце персанаж.
Фота AP