Гэта Андрэй называў сябе самым няўпэўненым гульцом, і гэта ён правальваў экзамены і па фізіцы, і па анатоміі. Гэта ён, паступаючы ў музычную школу, спрабаваў прыкрыць адсутнасць слыху жартам пра ласіху, і гэта Скараход абураўся тым, што, калі на вяселлі не хапае пяці чалавек, а ў спартыўнай зале двух матаў, — гэта не па-хрысціянску. 

Цяпер Андрэй Скараход выступае ў дуэце з Дэмісам Карыбідзісам у расійскім Comedy Club, а таксама запісвае другі альбом свайго альтэр-эга рэпера Глебаці. Але нягледзячы на тое, што аднойчы Андрэй вырашыў скараць Маскву, ён па-ранейшаму застаецца нашым.

«Мяне здзіўляе, як некаторыя рэагуюць на тое, што я нашу цішоткі з «Пагоняй», вышыванкі ці віншую ў сваім інстаграме ўсіх беларусаў з Днём Волі. Маўляў, вам сапраўды гэта важна? Я беларус, я люблю сваю радзіму, для мяне гэта вельмі важна, і гэта абсалютна нармальна», — адказвае Андрэй Скараход. 

У размове з «Нашай Нівай» Андрэй расказаў, чым жыве цяпер, пасля КВЗ, і чаму яму не жартуецца на радзіме.

У КВЗ трапіў за даўгі

«Калі мяне Гарык Марцірасян запрасіў у Comedy Club, мне падалося, што вось яно, нарэшце збылася мая запаветная мара. Тады не вагаўся ні адной хвіліны, ехаць ці не. У Беларусі мяне нічога не трымала. Не было работы, не было сям’і. Я быў вольным як вецер. Пры гэтым я ўжо быў чэмпіёнам вышэйшай лігі КВЗ. І на той момант у Беларусі я ўжо не жыў. Я жыў у Кіеве, 1,5 гады і працаваў у кампаніі IQ Production, якую заснавалі Сяргей Атрошчанка і Віктар Мядзвецкі з беларускай каманды КВЗ «ЧП», мы стваралі шмат усякіх праектаў, серыялаў, я быў аўтарам і гуляў у КВЗ паралельна», — расказвае Андрэй Скараход.

А ў вялікі КВЗ Андрэй трапіў праз доўг у 40 даляраў.

«КВЗ быў у маім жыцці ад першага класа. Я вырас у Старых Дарогах. Там выбару, чым займацца, асабліва не было. Калі ты спартсмен, ты займаешся ў спартыўных секцыях, калі ў цябе прага да самадзейнасці — толькі КВЗ», — расказвае Андрэй.

Працягнуў ён займацца КВЗ і тады, калі паступіў вучыцца ў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Разам з сябрам стварылі каманду, выступалі ва ўніверсітэцкай лізе, пасля ў іншых лігах беларускага КВЗ. Якраз у той час Андрэй трапіў у беларускі Comedy Club.

«Няма нічога дзіўнага, што праіснаваў ён нядоўга. Яго спрабавалі рабіць людзі, якія наогул не займаліся творчасцю, не ведалі, што такое тэлебачанне, не разумелі, што такое ТВ-шоу. Ну і давайце будзем шчырымі: ва ўсіх перад вачыма быў як узор расійскі Comedy Club.

На 100% у медыйным плане Беларусь з’яўляецца часткай рускага свету. Нас параўноўваюць у медыйным плане — у нас з Расіяй адзін рынак, мы не існуём асобна», — расказвае Андрэй Скараход.

Разам з «Камедзі», прызнаецца Андрэй, зніклі і ўсе астатнія праекты, да якіх ён меў дачыненне.

«У той момант я апусціўся проста на дно жыцця. З’явіліся кампаніі незразумелыя, шмат алкаголю, ніякіх перспектыў. Дайшло да таго, што я адпусціў валасы па плечы, не галіў бараду. Быў падобны ці то на бацюшку, ці то на бамжа. Грошай не было зусім. Нават цыгарэт не было за што купіць. Тады я пазычыў у Славы Камісаранкі (стэндап-комік — «НН») 40 даляраў, трэба было неяк аддаваць доўг. Ён мне кажа тады, што смаленскай камандзе патрэбен сцэнар — з’ездзі, напішы. Заплацяць грошы, вернеш доўг. А так атрымалася, што я і сцэнар ім напісаў, і ў каманду трапіў», — дзеліцца Андрэй Скараход.

«Не ведаю, хто я ў гумары, генерал або шараговец, мне проста падабаецца жартаваць»

Ці быў перыяд Вышэйшай лігі КВЗ самым шчаслівым у жыцці Андрэя? Сёння ён адназначна адказаць не можа.

«Гэта быў толькі перыяд. Мы былі маладыя. Так, тады было крута. Пісалі жарты, мала спалі, шмат пілі. Я ні ў якім разе не хачу сказаць, што КВЗ — гэта зборышча алкаголікаў, раней быў такі час, пілі ўсюды, у КВЗ, у тэатрах, у футбольных камандах. Гэта было часткай атмасферы таго часу. Крута і цяпер, але па-іншаму. Свет стаў больш зразумелым. І гумар больш разнастайным», — расказвае Андрэй.

Але КВЗ Андрэй больш не глядзіць.

«Шчыра прызнаюся, КВЗ цяпер не той! Зараз з’явілася 1000 нашмат цікавейшых праектаў. Стэндапы, батлы, ютуб, блогеры — свет становіцца хуткім. Людзі хочуць хутка праглынаць інфармацыю: кароткія відэа ў інстаграме, кароткія жарты ў твітары. Мне падабаецца, што адбываецца зараз. І не важна, з якога боку ў гэтым гумары я. Пішу сцэнары, выступаю на сцэне або сяджу ў зале — мне не важна, хто я: генерал гумару, шараговец або начальнік штаба. Мне проста падабаецца гумар. Хаця, перыядычна здаецца, што я займаюся нейкай фігнёй», — прызнаецца Андрэй Скараход.

Андрэй кажа, што ён, бывае, стамляецца ад гумару, ад таго, што так ці інакш, але пра новыя нумары галава думае заўсёды.

«Сёння ў «Камедзі» працуе калектыў аўтараў, але ініцыятыва, штуршок павінен сыходзіць ад рэзідэнта. У «Камедзі» ты сам свой уласны прадзюсар. І твой заробак, твой поспех і твая слава залежаць толькі ад таго, наколькі ты папрацаваў. Таму з маім калегам Дэмісам Карыбідзісам мы самі пішам свае нумары. Па-рознаму пішам: і седзячы насупраць адзін аднаго, і разам з аўтарамі, а бывае, што жарты прыходзяць і ў сне. Але жаданне сысці адсюль у мяне пакуль няма», — расказвае Андрэй.

Андрэй Скараход і Дэміс Карыбідзіс. 

У Беларусі не хапае свежых ідэй

А вось горад, дзе па волі лёсу Андрэю даводзіцца жыць, яму не падабаецца.

«Я і люблю, і не люблю Маскву. Мне падабаецца горад, але мне не падабаюцца яго шум і рытм, падабаецца тое, чым я магу тут займацца. Я не езджу на метро, не выходжу гуляць. Мяне пазнаюць на вуліцах, у метро ездзіць наогул не варыянт. Па Маскве перасоўваюся на таксі або на сваёй машыне. Так, я люблю камфорт. Яшчэ ў Мінску, як толькі стаў зарабляць свае першыя грошы, адразу перасеў на таксі. У мяне магло не быць грошай на абед, але на таксі я грошы пакіну», — прызнаецца Андрэй.

Пры гэтым Андрэй упэўнены, што толькі ў Маскве ён можа займацца тым, чым займаецца.

«Мяне засмучае застой у Беларусі. Няма прытоку свежых класных ідэй, новага дыхання. У мяне такое адчуванне, што Беларусі трэба замяніць батарэйку. Але гэта не значыць, што трэба апусціць рукі, раз усё так блага. Тут, у Беларусі, з’яўляюцца класныя хлопцы і дзяўчаты, і трэба абавязкова падтрымліваць тое, чым яны займацца, хадзіць на іх выступы, сачыць за творчасцю. Паверце, з Беларусі выходзяць крутыя гумарысты. Магу назваць таго ж Славу Камісаранку», — кажа Андрэй.

Ёсць у Андрэя яшчэ адно хобі: ён заўзяты аўтагоншчык.

«Адзінае месца, дзе бываю ў Маскве, гэта аўтадром, дзе я магу ганяць на спорткарах», — расказвае Андрэй.

Скараход настолькі дамасед, што ні хвіліны не вагаўся, як назваць свой першы рэп-альбом, які ён запісаў пад іменем свайго альтэр-эга Глебаці. Альбом так і называўся «Дамасед».

«А пад Новы год у мяне выйдзе другі альбом Глебаці, у якім будуць гучаць песні і на беларускай мове», — расказвае Скараход.

«Да нядаўняга часу папраўляў, калі хтосьці казаў «Белоруссія»

«Хаця і зараз папраўляю. Хаця разумею, што гэта зусім не важна, як называць краіну. Хоць Беларусь, хоць Русабелія, хоць Д4. Гэта толькі сімвалізм. Тое ж датычыцца і сцяга. Я б на месцы беларускіх уладаў два сцягі прыняў, хай усім будзе добра, хай усе будуць задаволеныя. І яшчэ адзін, дзе чорная кропачка на белым фоне. Якая розніца? Нашмат важней, што ты адчуваеш, што ў цябе ўнутры, што для цябе значаць слова «радзіма». Да чацвёртага класа я наогул размаўляў толькі па-беларуску, вывучаў у школе ўсе прадметы па-беларуску. Я закаханы ў сваю краіну, гэта праўда», — кажа Андрэй Скараход.

Андрэй Скараход прызнаецца, што бывае з ім і такое, што ўсё надакучвае, што не хочацца смяшыць і смяяцца.

«Тады трэба мяняць сваё стаўленне да таго, што адбываецца навокал. Раблю выклік самому сабе», — кажа Андрэй.

А на пытанне, ці было ў яго такое, што Андрэю дыктавалі, пра што можна жартаваць, а пра якія рэчы жартаваць усё ж не варта, а то могуць быць праблемы, ён сур'ёзна адказаў:

«Пра гэта я калі-небудзь напішу ў сваёй аўтабіяграфіі». 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?