У канцы ліпеня Дональд Трамп гаварыў па тэлефоне з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Абставіны гэтай размовы настолькі ўстрывожылі супрацоўніка адной з амерыканскіх спецслужбаў, што сталі прадметам унутранага расследавання.

Кангрэс патрабуе падрабязнасцяў, але адміністрацыя Трампа пакуль што адмаўляецца іх даваць. Шмат што ў гэтай гісторыі засакрэчана, а большая частка інфармацыі паведамляецца амерыканскімі СМІ са спасылкай на ананімныя крыніцы.

Пра існаванне скаргі тыдзень таму паведаміў кангрэсмен-дэмакрат Адам Шыф, старшыня камітэта па разведцы ў Палаце прадстаўнікоў ЗША.

У скарзе гаворыцца пра патэнцыйную «сур'ёзную або абуральную праблему, злоўжыванне або парушэнне закона».

Менавіта ў тэлефоннай размове з Зяленскім амерыканскі прэзідэнт мог сказаць нешта лішняе, паведаміла позна ўвечары ў чацвер газета Washington Post са спасылкай на 2 дасведчаныя крыніцы.

Званок Трампа Зяленскаму ўжо стаў прадметам іншага разбору. Дэмакраты ў Палаце прадстаўнікоў падазраюць прэзідэнта і яго адваката Рудзі Джуліяні ў спробах выкарыстаць украінскія ўлады ва ўнутрыпалітычных мэтах.

Урадавыя крыніцы амерыканскіх СМІ паведамлялі, што адміністрацыя зацягвае даванне пакета ваеннай дапамогі Украіне.

Амерыканскі прэзідэнт назваў паведамленні «чарговымі фэйкавымі навінамі». Прэзідэнт напісаў у твітары, што ён ведае, што яго размовы з сусветнымі лідарамі могуць слухаць супрацоўнікі амерыканскіх і замежных спецслужбаў, і таму ён не кажа нічога лішняга падчас такіх «густанаселеных» званкоў.

У офісе прэзідэнта Украіны не хочуць каментаваць размову з Трампам, паведамляе карэспандэнт Бі-бі-сі ў Кіеве Джона Фішэр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?