Беларус з асалодай сачыў за жыццём грузінскай сям'і, якая скрала яго мабільнік
Год таму сям'ю з Магілёўскай вобласці дзёрзка абрабавалі ва Украіне па дарозе на адэскі курорт. За гэты час мясцовыя супрацоўнікі праваахоўных органаў нічым не дапамаглі. Але сам пацярпелы змог адшукаць падазраваных, прычым у іншай краіне, і дамогся, каб яму вярнулі крадзенае, піша tut.by.
11 ліпеня 2018 года сям'я з двума дзецьмі выехала на адэскі курорт Затока. Так выйшла, што мяжу перасеклі ўжо позна ўвечары, а таму прыкладна а 3-й гадзіне ночы спыніліся на начлег у горадзе Белая Царква. Ажыўленая запраўка, шмат машын вакол. Людзі замкнуліся ўнутры і заснулі.
Праз гадзіну шкло ў машыне выбілі налётчыкі (а перад гэтым парэзалі кола, каб не было пагоні), выхапілі з салона сумку, пасля чаго рванулі з месца на цёмным BMW. Так скралі дакументы, грошы на адпачынак, тэлефон і жаночыя ўпрыгажэнні.
— Яшчэ да прыбыцця першага нарада паліцыі супрацоўнік запраўкі растлумачыў мне, што ў гэтым месцы ўжо восьмы выпадак рабавання. Паліцыянты потым сказалі, што другі толькі за гэтыя суткі. Я яшчэ падумаў: чаму не папярэджваюць кіроўцаў? — казаў тады герой гэтай гісторыі Сяргей.
Неўзабаве аб рабаваннях ва Украіне заявілі іншыя турысты, і не раз. У пасольстве адзначалі: у сезон яны дапамагаюць землякам аднаўляць дакументы амаль у рэжыме нон-стоп.
Яшчэ тады беларускі турыст падкрэсліваў: мясцовыя вельмі падтрымалі ў складанай сітуацыі, але вось у паліцыі імпэту знайсці злачынцаў не ўбачыў.
— Памятаю, з Украіны мне толькі прыходзіў ліст ад следчага з папярэджаннем аб крымінальнай адказнасці за лжывыя паказанні, мабыць, намякаючы, што я прыдумаў усё. Я не рэагаваў на гэта. Прайшло шмат часу, каля паўгода, калі ў мой Google-акаўнт сталі прыходзіць фота незнаёмых мужчын, — успамінае суразмоўца.
Яшчэ да крадзяжу тэлефон быў «прывязаны» да акаўнта Сяргея ў Google, і новыя гаспадары не дадумаліся памяняць налады. Так мужчына стаў сачыць за новым «жыццём» свайго мабільнага. Вось здымкі хат і машын, вось купанне людзей у рэчцы і гэтак далей. І ўсё на фоне горных пейзажаў, а зусім не адэскіх.
— Так, мы маглі б адразу пасля крадзяжу ім нашкодзіць: аддалена заблакаваць тэлефон, застаўся б ім бескарыснай цацкай. Але мы гэтага не рабілі, спадзеючыся, што калі-небудзь стрэліць — і вось, стрэліла. Па нумарах машын я неўзабаве вызначыў: гэта Грузія, — кажа Сяргей.
З дапамогай тых жа дадзеных з Google мужчына ў пару клікаў вызначыў месцазнаходжанне тэлефона з хібнасцю 100—200 метраў. Гэта быў адзін з горных раёнаў.
— Здымкаў было так шмат, што можна было вызначыць уладальніка і яго дом, машыну і яго сваякоў, раён і паселішча. А потым з'явіліся яго здымкі з дзяўчынай: у яе на руцэ быў пярсцёнак маёй жонкі! Гэта значыць, проста тэлефон яшчэ могуць перапрадаць, але што перапрадалі разам з пярсцёнкам — ужо вельмі малаверагодна. Яно не заручальнае, а срэбнае, і спецыфічнае па дызайне. Зразумела, пакінулі сабе…
Некалькі месяцаў мужчына чакаў і разглядаў здымкі. Пакуль у адзін дзень на рахунак не прыйшлі чарговыя фота: мужчыны знялі свае пашпарты! Зараз у яго былі імёны падазраваных.
Да таго моманту Сяргей ведаў: пасля частых выпадкаў рабаванняў беларусаў наша пасольства адпраўляла афіцыйны ліст у Генпракуратуру Украіны. Там паабяцалі ўзяць справу на асаблівы кантроль і далі даручэнне мясцовай пракуратуры ў Белай Царкве. Наш суразмоўца туды патэлефанаваў і расказаў усё, што высветліў за гэты час сам.
— Зразумела, усё не вернеш, але хаця б узяць гэтых людзей на кантроль, каб больш такога не рабілі. На мой званок у пракуратуры паабяцалі, што ператэлефануюць з паліцыі на наступны дзень. Ніхто мне не ператэлефанаваў ні праз дзень, ні праз тыдзень, ні праз месяц.
І тады мужчына вырашыў: а чаму не патэлефанаваць у Грузію? Знайшоў тэрытарыяльны аддзел, і там яго выслухалі. Прычым вельмі ўважліва.
— Літаральна ў гэты ж дзень мне патэлефанаваў супрацоўнік, назваўся начальнікам аддзела. Папрасіў скінуць яму на асабістую пошту усе дакументы, абставіны злачынства, пашпарты гэтых людзей. Яшчэ праз тыдзень са мной звязаўся ўжо следчы з Грузіі і паведаміў: гэтыя людзі затрыманыя, выкрадзенае канфіскаванае.
Была заведзеная крымінальная справа па факце скупкі крадзенага. Мабыць, так фігуранты патлумачылі паходжанне рэчаў, а большае ім паставіць у віну і не маглі за злачынства ў іншай дзяржаве. Хоць у прыватных размовах супрацоўнікі органаў выказваліся, што падазраваныя відавочна замяшаныя ў самім крадзяжы.
— А праз месяц мне з Грузіі даслалі па пошце ў запячатаным канверце тэлефон, з усімі пратаколамі, афіцыйна, — кажа мужчына. — Вось так ветліва і хутка. Памятаю, як іх разагналі (пра рэформу паліцыі ў Грузіі ў 2004 годзе), і цяпер у іх сур'ёзны ўзровень, па меншай меры, я ў гэтым пераканаўся на сваім досведзе. Ва Украіну, прызнаюся шчыра, я больш не тэлефанаваў, там ніхто нічога не збіраецца раскрываць. Затое ў Грузіі цяпер гэтых людзей ведаюць і, можа, не дазволяць здзяйсняць новыя злачынствы.
Нягледзячы на ўсе гэтыя калатнечы, праз год сям'я зноў накіравалася ў адпачынак ва Украіну.
— Тады я заракаўся, але, прабачце, што мы, беларусы, можам сабе яшчэ дазволіць? Хоць шмат за гэты час змянілася: на мяжы ўсё хутка і дакладна (бо ў мінулы раз мы так позна ехалі чаму: пяць гадзін на мяжы прастаялі), зараз да Адэсы дабраліся за 12 гадзін. Тады такіх гісторый з рабаваннямі была куча, а зараз асабіста я не чуў.
Сітуацыю са злачынствамі ў дачыненні да турыстаў можна часткова адсочваць па тым, як часта звяртаюцца ў пасольства за выдачай пасведчання на вяртанне (замест згубленых дакументаў). Але ў беларускім пасольстве і прэс-службе МЗС гэтыя звесткі не далі. Таму складана сказаць, ці палепшылася сітуацыя ў гэтым годзе.
Каментары