Адзінае, што трэба для трыюмфу зла,

каб добрыя людзі нічога не рабілі

Эдмунд Бёрк (1729-1797), ангельскі філёзаф

У кожнай краіне з дыктатарамі разьбіраліся па-свойму. У Лацінскай Амэрыцы былі свае асаблівасьці, у краінах Паўднёвай Эўропы — свае, у дзяржавах былога сацлягеру — свае.

Партугалія: першая кветкавая рэвалюцыя

Дыктатура ў Партугаліі пратрывала 38 гадоў, а ляснула за адзін дзень. Рухачамі апазыцыі сталі афіцэры сярэдняга зьвяна. У пачатку 1970-х яны на чале з Атэлу дэ Карвалу стварылі Рух узброеных сіл (MFA), паставіўшы мэтай узброены пераварот. Паўстаньне прызначылі на 25 красавіка 1974 г.

У чацьвер, а 12.25, па радыё прагучала песьня-сыгнал для паўстанцаў. З ваеннай базы Сантарым капітан Сальгуэра дэ Мая вывеў 8 бронемашын і 10 грузавікоў зь пяхотай — на падтрымку рэвалюцыі. 5-ты пяхотны полк а 14-й заняў сталічную радыёстанцыю, а 17.30 MFA зьвярнулася па радыё да паліцыі і войска з просьбай заставацца ў кашарах.

Прэм’ер-міністар Каэтану спрабаваў схавацца на базе нацыянальнай гвардыі, салдаты якой лічыліся вернымі служкамі рэжыму. Але гвардзейцы таксама перайшлі на бок паўстанцаў. Супраціўляліся толькі падразьдзяленьні тайнай паліцыі.

Увечары без адзінага стрэлу быў узяты Генштаб і арыштаваныя міністры. А 20-й вечара MFA, што ня мела доўгатэрміновага пляну дзеяў (!), абвесьціла аб зьвяржэньні рэжыму. Дыктатар Марсэлу Каэтану зьбег.

Вуліцы сталіцы, куды высыпалі шчасьлівыя месьцічы, ператварыліся ў народнае сьвята. Тысячы школьнікаў маршавалі па горадзе, скандуючы: «Далоў фашызм». Бронемашыны патаналі ў кветках. Гвазьдзікі былі паўсюль: у руках людзей, у пятліцах пінжакоў, іх дарылі жаўнерам, якія ўтыкалі іх у рулі аўтаматаў. Першая «кветкавая рэвалюцыя» прайшла амаль без крыві.

Грэцыя: студэнцкая рэвалюцыя

Студэнты былі адзінымі, хто адкрыта супрацьстаяў хунце «чорных палкоўнікаў» (1967—1974). На першую маніфэстацыю — 21 красавіка 1971 г. — у чацьвертыя ўгодкі ўсталяваньня хунты выйшла толькі 200 чалавек. Эканамічны ўздым якраз ператвараў аграрную краіну ў індустрыяльна-аграрную.

Аднак пратэсты ўзмацніліся, калі эканамічны крызіс перакрэсьліў дасягненьні рэжыму. У лістападзе 1973 г. застрайкавалі навучэнцы ўнівэрсытэту Політэхніён у Атэнах. 17 лістапада ўнівэрсытэт узяты штурмам войскамі, 23 студэнты былі раздушаныя танкамі, больш за тысячу параненыя.

А сышла хунта досыць мірна. У 1974 г. трыюмвірат увязаўся ў ваенны канфлікт на Кіпры, але прайграў. Грэцыя мусіла вывесьці войскі з выспы. У краіне значна вырасла незадавальненьне сацыяльнай палітыкай хунты, і Г.Пападопуляс мусіў выканаць абяцаньне, якое даў у 1967 г.: пасьля навядзеньня парадку перадаць уладу грамадзянскаму ўраду. Улетку 1974 г. урад узначаліў Канстанцінас Караманліс, што цягам сямі гадоў знаходзіўся ў эміграцыі ў Парыжы.

Чэхія: стаяньне на плошчы

У 1989 г. прыйшла чарга сацыялістычных дыктатураў ва Ўсходняй Эўропе. Вугорцы вызваліліся за 10 месяцаў, усходнія немцы за 10 тыдняў, чэхам і славакам хапіла некалькіх дзён.

У Празе ўсё пачалося з дэманстрацыі студэнтаў. 17 лістапада 1989 г. прайшла шматтысячная маніфэстацыя на ўгодкі разгону антыфашысцкай дэманстрацыі студэнтаў (1939). Насуперак заплянаванаму маршруту. дэманстранты збочылі на Вацлаўскі пляц. Спэцаддзелы міліцыі ўжылі зброю — 150 чалавек былі параненыя. Увечары на падваконьнях дамоў на вуліцах, дзе пралілася кроў, запаліліся тысячы сьвечак салідарнасьці. На наступны дзень застрайкавалі студэнты Вышэйшай тэатральнай школы і работнікі тэатраў. Яны патрабавалі прыцягнуць да адказнасьці віноўнікаў разгону. 19 лістапада чэскія дысыдэнты і палітыкі заснавалі грамадзкае аб’яднаньне «Грамадзянскі форум», які адыграў ключавую ролю ў падзеньні рэжыму Густава Гусака.

20 лістапада антыкамуністычныя маніфэстацыі прайшлі ў іншых гарадах краіны, а мітынг на Вацлаўскай плошчы ў Празе сабраў 100 тыс. чалавек. Гэтым разам людзі патрабавалі свабоды слова. 21 лістапада застрайкавала большасьць ВНУ. На Вацлаўскім пляцы сабралася 200 тыс. чалавек, а Вацлаў Гавал з балькону абвесьціў мэты «Грамадзянскага форуму»: выдаленьне з уладных структураў адыёзных дзеячаў, расьсьледаваньне расстрэлу студэнцкай дэманстрацыі, вызваленьне вязьняў сумленьня, свабода слова і друку. 22 лістапада студэнты дабраліся да заводаў — рабочыя мусілі ведаць пра падзеі, а ня верыць бруду, што ліўся з афіцыйных СМІ. 23 лістапада мітынг на Вацлаўскай плошчы сабраў 300 тыс. чалавек, сярод іх 100 тыс. былі рабочымі.

29 лістапада прасавецкі рэжым спыніў сваё існаваньне.

Дыктатуру Чаўшэску скінулі пратэстанты

Некаторыя гісторыкі цьвер-дзяць, што ніякай рэвалюцыі ў Румыніі ў сьнежні 1989 г. не было, а адбыўся зрэжысаваны кланам Іліеску палацавы пераварот з выкарыстаньнем жыхароў Бухарэсту ў якасьці гарматнага мяса. Іншыя кажуць, што Іліеску проста своечасова зарыентаваўся ў падзеях. Але ў любым выпадку каталізатарам рэвалюцыі былі падзеі ў Тымішаары.

Пастар пратэстанцкай вугорскай царквы Ласла Токешы карыстаўся вялікай папулярнасьцю сярод мясцовага вугорскага насельніцтва. Ён быў вядомы тым, што адкрыта пратэставаў супраць парушэньня правоў вугорцаў. А для Чаўшэску яны былі, як палякі для Лукашэнкі.

За час сьвятарства Токешы колькасьць парафіянаў у прыходзе вырасла ў некалькі разоў, таму ўлады вырашылі перавесьці сьвятара ў вясковую парафію на поўначы. Бараніць сьвятара 15 сьнежня сабралася паўтары тысячы чалавек. На наступны дзень да вугорцаў далучыліся этнічныя румыны. Улады паспрабавалі запалохаць дэманстрантаў вадамётамі, аднак людзі крычаць у адказ: «Не разыдземся», «Хлеба» і... «Далоў дыктатуру Чаўшэску».

Калі ноччу 17 сьнежня Токешы арыштавалі, маніфэстанты штурмам узялі будынак міліцыі. 20 сьнежня застрайкавала ўся Тымішаара.

21 сьнежня ў Бухарэсьце наладзілі дэманстрацыю «Народ Румыніі супраць вандалаў з Тымішаары». Мітынг спачатку праходзіў паводле сцэнара. Прамова Чаўшэску перарывалася авацыямі. Аднак у натоўпе знайшоўся адзін чалавек, які, ня маючы, як выказаць свой пратэст, зьняў з нагі бот і, выкрыкнуўшы лёзунг супраць Чаўшэску, шпурнуў яго ў накірунку трыбуны. І сцэнар уладаў пачаў развальвацца. Рабочыя спачатку ў гэтым кутку плошчы, а пасьля ўсьцяж пачалі кідаць пад ногі партрэты кандукатара і ўлюлюканьнем перарвалі ягоную прамову. Мітынг трансьляваўся па тэлевізіі, і ўся Румынія ў жывым этэры пабачыла шок на твары дыктатара.

Дэманстранты разышліся па вуліцах з заклікам зрынуць дыктатуру. Невядомыя людзі —спачатку меркавалася, што гэта былі агенты румынскага ГБ, «Сэкурытатэ» — ужылі супраць маніфэстантаў зброю. Стралялі з дахаў і гарышчаў. 1100 чалавек загінулі (зь іх — 206 вайскоўцаў, якія перайшлі на бок народу), 2500 былі параненыя, але народнае паўстаньне было не спыніць.

Тут на палітычную арэну выйшаў Іён Іліеску, колішні фаварыт Чаўшэску. Іліеску ўзначаліў Фронт нацыянальнага вызваленьня. Чаўшэску, які пракіраваў краінай 24 гады, арыштавалі 23 сьнежня. «Карпацкага генія» абвінавацілі ў прывядзеньні краіны да заняпаду і злачынствах супраць свайго народу і празь некалькі гадзін разам з жонкай расстралялі. Кажуць, каб ніхто не даведаўся, што насамрэч адбылося ў калідорах улады 20—22 сьнежня.

Дамінікана: Трухільё забілі паплечнікі

Іншы жорсткі і эксцэнтрычны дыктатар кіраваў сваёй краінай яшчэ даўжэй. Рафаэль Леанідас Трухільё стаяў на чале Дамініканскай Рэспублікі 31 год. То быў чалавек свайго часу — гітлерска-сталінскага.

Цягам двух дзесяцігодзьдзяў усе спробы апазыцыі зрынуць рэжым былі беспасьпяховыя. Урэшце тое, што не ўдалося апазыцыі, зрабілі сябры Трухільё. 30 траўня 1961 г. Трухільё быў забіты пяцьцю чалавекамі з найбліжэйшага атачэньня дыктатара.

Чылі: перамога паводле правілаў рэжыму

Эканоміка Чылі працьвітала, і колькасьць удзельнікаў маніфэстацый пратэсту рэзка ўпала. Здавалася, што ў 1988 г. Аўгуста Піначэт выйграе плебісцыт аб падаўжэньні сваіх паўнамоцтваў. Апазыцыя прыняла правілы хунты, кінуўшы ўсе сілы на падрыхтоўку да рэфэрэндуму. Нават камуністы, адкінуўшы ідэю народнага паўстаньня, прымкнулі да апазыцыйнага блёку.

Апазыцыя разгарнула кампанію пад лёзунгам «Не!» (слоган «Не — дыктатуры» ўжываць не было магчымасьці). Ходзячы ад кватэры да кватэры, выяжджаючы ў самыя аддаленыя вёскі, грамадзянаў пераконвалі, што трэба пераадолець страх і пайсьці на выбары. Згодна з заканадаўствам, для галасаваньня неабходна ўнесьці зьвесткі пра сябе ў выбарчыя сьпісы. Знакам кампаніі стала вясёлка, што сымбалізавала ўвесь спэктар палітычных партый і радасьць жыцьця.

У выніку 8 кастрычніка 1988 г. 54,6% чылійцаў прагаласавалі супраць падаўжэньня паўнамоцтваў Піначэта. Шакаваны вынікамі генэрал вырашыў не парушаць канстытуцыі.

Перамагаючы страх

Падзеньню аргентынскай дыктатуры паспрыяў эканамічны крызіс пачатку 1980-х. Насуперак страху ў краіне аднавіліся дэманстрацыі пратэсту. Адны пратэставалі супраць росту цэнаў ды беспрацоўя. Іншыя — супраць парушэньня правоў чалавека. Сваякі зьніклых — найперш маткі — зьбіраліся ў Буэнас-Айрэсе, выходзілі на дэманстрацыі з заклеенымі ртамі.

Каб адцягнуць увагу, наступнік Відэлі генэрал Леапольда Гальтыеры ўвязаўся ў ваенную авантуру на Фалклэндах. І папулярнасьці ў народзе не здабыў, і гучную паразу ад брытанцаў пацярпеў. Гальтыеры перадаў уладу генэралу Рэйнальда Біньёнэ. Каб унікнуць народнага паўстаньня, Біньёнэ прыйшлося перадаць уладу выбранаму ўраду. Праўда, хунта таксама выдала закон аб амністыі, што вызваляў ваенных і паліцэйскіх ад адказнасьці за злачынствы, учыненыя ў 1976—1983 г.

Выбарчая кампанія зьвялася да барацьбы паміж лідэрамі асноўных дэмакратычных палітычных партый (так, магчыма, і ў нас некалі будзе).

На выбарах перамог лідэр Радыкальнай партыі Р.Альфансін. Паводле першага ягонага ўказу, генэралы Відэля, Віёля, Гальтыеры, Біньёнэ і іх паплечнікі былі арыштаваныя, а старэйшым афіцэрам было «прапанавана» падаць у адстаўку.

Антыбайкот па-пэруанску

Каб нашчадак японскіх эмігрантаў Альбэрта Фухіморы своечасова сышоў, ён мог бы ўвайсьці ў гісторыю Пэру як прэзыдэнт-рэфарматар. Фухіморы перамог тэрарыстаў з групоўкі «Тупак Амару», інфляцыю, прыцягнуў у краіну інвэстыцыі. Аднак адначасова разагнаў парлямэнт, зьнішчыў незалежнае судаводзтва, неаднаразова перапісваў канстытуцыю ды перасьледаваў апазыцыю. У 2000 г. Фухіморы заманілася насуперак канстытуцыі балятавацца на трэці тэрмін, хоць прынятая ім жа канстытуцыя гэта забараняла. Выхад быў геніяльны: балятавацца можна, бо першы раз яго выбіралі па старой канстытуцыі.

Сацапытаньні прагназавалі Фухіморы ўпэўненую перамогу. Аднак адбыўся цуд. У першым туры прэзыдэнт ня змог сабраць 50% галасоў, а перад другім турам адзіны кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі, доктар эканомікі Алехандра Таледа, з увагі на шматлікія фальсыфікацыі зьняў сваю кандыдатуру.

Фармальна Фухіморы перамог (ён застаўся адзін у выбарчым бюлетэні). Аднак траціна бюлетэняў у скрынях была перакрэсьлена і ўпрыгожана надпісамі «Не — круцельству». Яшчэ 16% выбарцаў прагаласавалі за Таледа. Фухіморы сышоў у адстаўку праз паўгоду, у лістападзе 2000 г. Пасьля выбарчага фарсу легенда пра «аўтара пэруанскага цуду» разьвеялася, а рэйтынг паляцеў уніз. Каб унікнуць найгоршага, Фухіморы палічыў за лепшае сысьці.

Адстаўка Фухіморы была незвычайная. Падчас візыту ў Японію Фухіморы патэлефанаваў у Ліму прэм’ер-міністру ды паведаміў пра рашэньне.

Кожная дэмакратыя працуе аднолькава, кожная дыктатура падае па-свойму. Недзе, як у Чылі, яе скончылі выбары і рэфэрэндум, дзесь — Грэцыя, Аргентына — адыгрывалі значэньне міжнародныя фактары ды кепскае эканамічнае становішча. У Дамініканскай Рэспубліцы і Румыніі дыктатара чакаў жорсткі фінал. Але амаль паўсюль перадумовай было прасьвятленьне народу і падзеньне папулярнасьці дыктатара.

Ва Ўкраіне ўвосень 2004 г. палітолягі-інтэлектуалы былі настроеныя больш чым пэсымістычна. Але насуперак усім абставінам украінцы нечакана выйшлі на плошчу і адстаялі сваю перамогу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?