Гэты тэкст у мяне не хапіла імпэту напісаць год таму, і назва ў яго была тады іншая — «Горадня, Дамініканская, 1». Адрас рэдакцыі, які я амаль што прыдумаў, каб файна чытаўся ў выходных дадзеных. Гадоў дзесяць мінула, пакуль на доме гэтым прымацавалі шыльдачку, менавіта — «Дамініканская, 1». Уласна памяшканьне было вуглавым, а сапраўдны адрас паштовы быў на Савецкай. Яна якраз калісьці была гэтай самай Дамініканскай. Але Савецкую ня руш! Зрабілі Дамініканскай вулічку, дзе некалькі дамоў толькі, за польскім часам Магістрацкую. Аднак вокны рэдакцыі таксама глядзелі на гэтую вулічку і нават уваход быў зь яе: праходзіш пад брамай, направа, ганак і ты ў «Пагоні».

У падворку, насупраць дзьвярэй рэдакцыі адчынілі маленькую кнайпу, хадзілі туды каву піць, расплочваліся зубрамі. Кнайпы даўно няма, як і рэдакцыі… Паштальёнкі прынялі правілы гульні, прыносілі пошту рэдакцыйную на Дамініканскую. Пошта прыходзіла, праблема была зь іншым: у горадзе не было журналістаў вольных, ня толькі з адукацыі, але проста хаця б людзей, якія ўмелі пісаць, не кажу ўжо аб тым, каб працавалі раней у газэтах. Праблема была з аўтарамі, тэкстаў прыносілі вельмі мала, але былі ўсё ж людзі, каго натхніла зьяўленьне «Пагоні», у тым ліку гэта датычыла сёньня нябожчыка Задалі, ён быў намесьнікам кіраўніка абласнога тэлебачаньня, друкаваўся ў нас пад псэўданімам.

Праблемай аказалася друкаваньне тэкстаў. Сакратарка, някепская жанчына, як высьветлілася потым, была непрыемна ўражаная, што ёй давядзецца друкаваць артыкулы для газэты. Нэрваў мне гэта каштавала… У выніку, самі разумееце, каб усё было больш-менш своечасова, пачаў друкаваць я дома тэксты на сваёй машынцы, у выходныя таксама, уласныя тым больш, перакладаў замежныя, каб запаўняць газэту. На той момант атрымалася, што Гермянчук рэдагаваў «Свабоду», Дубавец — «Нашу Ніву», а мне вось собіла ўзяцца за «Пагоню». Мы разам вучыліся раней і таму мяне крыху грэла, што вось утрох робім такія тры газэты. У мяне, памятаю, Гермянчук пытаўся: у цябе такое бывае, калі тэкст цябе не задавальняе, але ты ўсё роўна ставіш на паласу? Канечне! А чым тады мне запаўняць нумар? Сам я ўсяго не напішу…

Машыністку мы сабе потым знайшлі і карэктарку таксама. Але існавала праблема зь пісьменнасьцю. Як я даведаўся, у некаторых існуе комплекс: ня ставіць коскі, дзе яны патрэбныя, але абавязкова ставіць там, дзе іх ня можа быць. А няздатнасьць прыдумаць файны загаловак? І вось яшчэ праблема з правапісам. Афіцыйным не хацелася карыстацца, я нават у рэдактарскай калёнцы штосьці напісаў такое: ва ўсе часы газэты з назвай «Пагоня» друкаваліся зь мягкімі знакамі… Тым жа часам не БНР абвесьціла незалежнасьць, а РБ, падручнік Тарашкевіча не здаваўся мне адпаведным часу. У выніку я выбраў сярэдні варыянт, але варянт, які належаў мне, які склаўся ў мяне ў галаве, астатнія, карэктарка перш за ўсё, засвоілі яго прыблізна, з памылкамі друку было цяжка змагацца.

Упэўнена трымацца паміж двума крэсламі — складаная справа. Праўда, я меў рацыю, як пазьней высьветлілася. Запісваў нейк Станіслава Судніка, ён успомніў: новыя правілы мовы, прынятыя нядаўна, улічваюць у тым ліку зьмены, якія практыкаваліся ў незалежных газэтах, і назваў перш «Пагоню». Але‑але… Мікола Маркевіч мусіў перайсьці потым на афіцыйны правапіс, Гермянчук таксама. А сёньня й «Наша Ніва». Такія факты. У газэтнай справе так: змаганьне не на лініі паміж двума правапісамі, зусім не. Змаганьне супраць беларускай мовы, асфальтны каток расейскай плюшчыць яе, раўняе зь зямлёю. Асфальтны каток з арнамэнтам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?