Фота Волі Афіцэравай
Аўстрыйская народная партыя (АНП), якую ўзначальвае былы канцлер Себасцьян Курц, набрала 38,4% галасоў на пазачарговых парламенцкіх выбарах у Аўстрыі, перадае APA
Другое месца з 21,5% галасоў займае Сацыял-дэмакратычная партыя Аўстрыі. Аўстрыйская партыя свабоды мае 17,3% галасоў выбаршчыкаў.

| Партыя | Прагноз | Рэальны вынік галасавання | Прырост/страта ў параўнанні з 2017 годам | Месца ў Нацыянальнай Радзе |
| Народная партыя | 34-35% | 38,4% | +6,9% | 73 |
| Сацыял-дэмакраты | 22-23% | 21,5% | -5,3% | 41 |
| Партыя свабоды | 20-21% | 17,3% | -8,7% | 32 |
| Зялёныя | 11-13% | 12,4% | +8,6% | 23 |
| NEOS (Новая Аўстрыя і Ліберальны форум) | 8-9% | 7,4% | +2,1% | 14 |
У аўстрыйскім парламенце папярэдняга склікання засядала таксама партыя Jetzt (Цяпер). У Нацыянальнай Радзе новай кадэнцыі яна прадстаўлена не будзе. Праўда, страціла яна найменш — 2,5 адсотка галасоў, але 1,9 адсотка падтрымкі выбаршчыкаў недастаткова, каб мець хоць адно месца ў Нацыянальнай Радзе.
Найбольш страціла правая нацыяналістычная Партыя свабоды Аўстрыі (Freiheitliche Partei Österreichs), якая сімпатызуе пуцінскаму рэжыму ў Расіі. На гэтым яе і злавілі, а дакладней — справакавалі яе правадыроў. Скандал, у які ўляпаліся былыя правадыры ПСА, і можна лічыць галоўнай прычынай няўдачы партыі на выбарах.
Менш, але істотна страцілі сацыял-дэмакраты. Гэта самы нізкі паказчык партыі за ўсю паваенную гісторыю. Можна сказаць, што СДПА ідзе па шляху, пракладзеным германскімі таварышамі.
Як і ў Нямеччыне, бум перажывае Партыя зялёных.
А вось, што тычыцца кансерватараў, то Аўстрыйская народная партыя, у адрозненне ад германскіх хрысціянскіх дэмакратаў і баварскіх хрысціянскіх сацыялістаў, паказвае рост. Думаецца, у гэтым немалая заслуга маладога лідэра АНП Себасцяна Курца. Сваёй палітыкай, у тым ліку міграцыйнай, ён прыцягнуў на бок АНП моладзь і частку электарату Партыі свабоды.
Цяпер стаіць пытанне аб другім канцлерстве Курца. З кім увойдзе ў кааліцыю Аўстрыйская народная партыя? Разглядаюцца розныя варыянты. Найменш пажаданы правацэнтрыстам альянс з Партыяй свабоды. Найбольш пажаданая кааліцыя з зялёнымі і лібераламі. Назіральнікі пішуць і пра кааліцыю з сацыял-дэмакратамі. Але ці прынясе яна карысць сацыял-дэмакратам? Практыка Германіі паказвае, што, уступаючы ва ўрадавыя кааліцыі з правацэнтрыстамі ў якасці малодшага партнёра, сацыял-дэмакраты толькі трацяць падтрымку выбаршчыкаў, якія пераходзяць пераважна на бок зялёных і лібералаў.