Фота з Вікіпедыі
Вярхоўны прадстаўнік Еўрапейскага саюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыка Магерыні наведае Мінск 4—5 кастрычніка, паведаміў журналістам заснавальнік і дырэктар Рады па міжнародных адносінах «Мінскі дыялог» Яўген Прэйгерман, піша Інтэрфакс.
«На гэтым тыдні ў раёне пятніцы-суботы будзе візіт высокага ўзроўню, прысвечаны тэматыцы «Усходняга партнёрства», і дэлегацыю Еўрапейскага саюза будзе ўзначальваць спадарыня Магерыні», — сказаў Прэйгерман на прэс-канферэнцыі ў панядзелак у Мінску.
Візіт Магерыні ў Мінск 4—5 кастрычніка запланаваны ў календары мерапрыемстваў на сайце Еўракамісіі.
Праграмай візіту Магерыні 4 кастрычніка прадугледжана сустрэча з прэм'ер-міністрам Беларусі Сяргеем Румасам, у ходзе якой будуць абмяркоўвацца 20 дакументаў на 2020 год у рамках «Усходняга партнёрства».
5 кастрычніка запланаваная сустрэча Магерыні з Аляксандрам Лукашэнкам, таксама яна возьме ўдзел у мерапрыемстве «Усходняга партнёрства» высокага ўзроўню «Будучыня Усходняга партнёрства» ў якасці сустаршыні.
Раней таксама паведамлялася, што Магерыні можа прыляцець у Мінск для падпісання пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму, якое дазволіць беларусам плаціць за «шэнген» 35 еўра.
