У Мінску адбылася канферэнцыя Руху За Свабоду», на якой былі прынятыя змены ў статут і абмеркавана стратэгія арганізацыі на бліжэйшы перыяд.

У статут уносяцца змены, якія рэгламентуюць стварэнне і дзейнасць рэгіянальных структураў Руху «За Свабоду». Прапануюцца таксама змены, якія рэгламентуюць правядзенне канферэнцыі грамадскай арганізацыі і зробяць больш дасканалай працу аб’яднання. Уводзіцца магчымасць дэлегавання на канферэнцыю сябраў Руху ад тэрыторыі, дзе няма мясцовых структураў арганізацыі. Тэрытарыяльныя структуры будуць 2‑х узроўневыя: абласныя і ўласна тэрытарыяльныя. Абласная структура будзе мець мясцовую Раду.

Прадугледжана магчымасць стварэння выканаўчага органа, які будзе адказваць за рэалізацыю рашэнняў, прынятых кіруючым органам.

На канферэнцыі абмяркоўваліся пытанні ўнутранай і знешняй палітыкі Беларусі. Дэлегаты выказаліся за дыялог паміж аб’яднанай Еўропай і нашай краінай, падкрэслівалі, што Рух «За Свабоду» павінен заняць ў ім сваё месца і мець актыўную пазіцыю ў яго рэалізацыі.

У сваім выступе лідэр Руху заявіў:

− Мы разглядаем новыя крокі ў знешняй палітыцы не як дыялог асобаў, а як дыялог Еўразвяза і Беларусі.

Трэба глядзець, што выгадна нашай краіне, яе народу, што спрыяе дабрабыту людзей, умацоўвае незалежнасць. Калі мы любім сваю Бацькаўшчыну, мы абавязаныя думаць пра будучыню нашых дзяцей сёння, нават ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму.
Эгаістычна разглядаць тое, што адбываецца зараз у Беларусі толькі з пункту гледжання барацьбы апазіцыі з Лукашэнкам.

Бесперспектыўна для нас заняць пазіцыю выключна старонніх ацэншчыкаў працэсу дыялогу. Наша асноўная задача — ісці да людзей, тлумачыць ім выгады і перспектывы еўрапейскай будучыні Беларусі. Трэба з дапамогай праеўрапейскай інфармацыі, асветы, адукацыі змяняць іх менталітэт, свядомасць, светапогляд на карысць устойлівага еўрапейскага выбару. Упершыню за апошнія дзесяць гадоў мы можам рабіць і тое, чаго не адмаўляе ўлада.

Сённяшняя ўнутраная палітыка гэта не толькі бокс, а ўсё больш — шахматы.
Гуляць трэба не эмоцыямі, а розумам. Лічу, што было б непрабачальнай памылкай страціць гістарычную магчымасць удзелу ў Праграме Усходняга партнёрства. Што тычыцца нашых першасных патрабаванняў, то яны простыя: улада мусіць спыніць палітычна матываваныя пераследы. Трэба рэалізаваць «нулявы варыянт»: рэальная дэмакратызацыя пачынаецца з поўнай адсутнасці рэпрэсіяў і ўціску супраць іншадумцаў. Упэўнены, што Еўразвяз падзяляе такую пазіцыю.

На думку лідэра Руху «За Свабоду», ЕЗ безумоўна зацікаўлены ва ўстойлівым развіцці Беларусі, у прасоўванні дэмакратыі і захаванні суверэнітэту. «Многія ў Еўропе паверылі ў магчымасць вяртання Беларусі ў еўрапейскую цывілізацыю, і мы не маем права згубіць такі шанец, ні апазіцыя, ні ўлада».

На паседжанні таксама выступілі Віктар Карнеенка, Аляксей Кавалец, Віталь Васількоў, Леанід Гаравы, Рыгор Кастусёў, Уладзімір Кацора, Хрыстафор Жэляпаў ды іншыя актывісты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?