А 13-й гадзіне 1 кастрычніка міліцыянты ў Слуцку затрымалі Ігара Случака і Юрыя Піваварчыка — кіраўніка і чальца ініцыятыўнай групы па вылучэнні паліттэхнолага Аліны Нагорнай кандыдаткай у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, піша Радыё Свабода.

Супрацоўнікі міліцыі, як сказаў Свабодзе Случак, прасілі ў іх пасведчанні і падпісныя лісты. Актывісты паказалі дакументы, але абодвух усё роўна забралі ў РАУС, заявіўшы, што яны стаялі «там, дзе нельга стаяць». Случак кажа, што стаялі яны не ў забароненым для пікетаў месцы — каля Дома культуры.

Актывістаў адпусцілі праз дзве з паловай гадзіны і не выстаўлялі ніякіх абвінавачанняў. Але, адзначае Случак, у Беларусі «не часта затрымліваюць ініцыятыўныя групы».

Ён прызнае: мэтай акцыі быў не збор подпісаў. Сама Нагорная не збіраецца вылучацца ў дэпутаты, а ініцыятыўныя групы рэгістраваліся, каб правесьці даследаванне і зладзіць пікеты за помнік удзельнікам Слуцкага паўстання 1920 года (кампанія так і завецца: #ЗаПомнік).

На пікеце актывісты раздавалі паштоўкі з QR-кодам (адна такая ўжо была ў РАУС), які вядзе на галасаваньне на сайце 1920.by, дзе наведнікам прапануюць паўдзельнічаць у выбары варыянту помніка Слуцкім паўстанцам.

Актывісты таксама шукаюць месца для помніка. І гарадскія ўлады, і рэлігійныя ўстановы адмовіліся даць тэрыторыю для такога ўшанавання Слуцкага збройнага чыну, таму надзея толькі на прыватныя тэрыторыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0