Аўтарытэтны беларускі навуковец Дзяніс Лісейчыкаў, намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, абвінаваціў у плагіяце Андрэя Ганчара, дактаранта Інстытута гісторыі НАН Беларусі і загадчыка кафедры эканамічнай тэорыі Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Артыкул Лісейчыкава быў апублікаваны ў вераснёвым нумары «Беларускага гістарычнага часопіса», паведамляе Tut.by.

Андрэй Ганчар. Фота: ggau.by.

Андрэй Ганчар. Фота: ggau.by.

Як піша Лісейчыкаў, у канцы 2012 года памёр малады беларускі гісторык Міхаіл Папоў. Ён займаўся гісторыяй Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі, у апошнія гады жыцця вывучаў біяграфію мітрапаліта Станіслава Богуш-Сестранцэвіча. За чатыры гады да смерці Папоў абараніў кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную яго дзейнасці. Гэта даследаванне стала асновай манаграфіі «Мітрапаліт Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч (1731-1826): роля ў фарміраванні ўрадавай палітыкі ў адносінах да Рыма-каталіцкага касцёла на беларускіх землях (канец XVIII — першая чвэрць XIX ст.)», якая была апублікаваная ў Мінску ў 2012 годзе, яшчэ перад смерцю Папова.

Прайшло сем гадоў, калі Лісейчыкаў нечакана даведаўся пра існаванне манаграфіі з практычна аналагічнай назвай — «Мітрапаліт С. Богуш-Сестранцэвіч: фарміраванне ўрадавай палітыкі ў адносінах да Рыма-каталіцкага касцёла на беларускіх землях (канец XVIII — першая чвэрць XIX ст.)», якая выйшла ў тым жа 2012 годзе ў Гродне. Яе аўтарамі былі названы Міхаіл Папоў і гісторык Андрэй Ганчар.

Фота: facebook.com/dzianis.liseichykau.

Фота: facebook.com/dzianis.liseichykau.

Аб'ём першай манаграфіі складаў 220 старонак, другой — 278. Але асноўны тэкст даследавання амаль не змяніўся, спіс літаратуры і зусім застаўся ў ранейшым выглядзе. З сумеснага выдання зніклі некаторыя дадаванні.

— Каб кампенсаваць страту аб’ёму, «суаўтар» вырашыў звярнуцца да дапамогі старых добрых «Актаў Віленскай археаграфічнай камісіі», а канкрэтна да 16-га тома гэтага выдання, які ў структураваным выглядзе ўтрымлівае мноства заканадаўчых актаў аб кіраванні структурамі рымска- і грэка-каталіцкіх цэркваў у Расійскай Імперыі ў 1770−1830-я гг., — піша Лісейчыкаў.

Па словах гісторыка, старонкі 189-267 у сумеснай манаграфіі — гэта набраны тэкст 29 заканадаўчых актаў з 16-га тома «Актаў Віленскай археаграфічнай камісіі».

— Агулам 78 старонак! — вось адкуль узялася розніца ў аб’ёмах паміж «сольнай» і «сумеснай» манаграфіямі. Тое, што пры наборы тэкстаў была захавана дарэвалюцыйная арфаграфія, паслядоўна выкарыстаны адсутныя ў сённяшнім рускім алфавіце літары «ѣ», «і», а таксама захаваны цвёрдыя знакі на канцы слоў, якія заканчваюцца на зычны, прымушае задумацца, а ці не маем мы справу з вядомым сярод нядобрасумленных археографаў спосабам «copy/paste» («выразаць/уставіць»)? (атрымліваецца, што гэтыя дакументы былі папросту скапіраваныя з электроннага выдання «Актаў…»)

Як адзначае Лісейчыкаў, 16-ы том «Актаў» прысвечаны гісторыі ўніяцкай царквы. Таму ў «сумеснае» выданне патрапілі тыя заканадаўчыя акты, якія ніяк не звязаныя з тэмай даследавання.

Як высветліў Лісейчыкаў, у «сумеснай» манаграфіі ўсё ж ёсць чатыры старонкі, якіх няма ў «сольнай» манаграфіі і «Актах Віленскай камісіі». Гэта тры табліцы, створаныя на аснове адной справы з Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў горадзе Гродна. Хутчэй за ўсё, менавіта з імі працаваў Ганчар. Але там Лісейчыкаў знайшоў значную колькасць памылак.

Як дадае аўтар артыкула ў «Беларускім гістарычным часопісе», пра існаванне «сумеснай» манаграфіі не ведала Валянціна Цяплова, навуковы кіраўнік Міхаіла Папова (у «сумеснай» кнізе сцвярджалася, што Цяплова з'яўляецца яе рэцэнзентам). Ды і сам Папоў нічога не казаў Лісейчыкаву пра «сумесную» манаграфію, калі падпісваў яму сваю кнігу летам 2012 года.

— Я пакінуў бы існаванне гэтай «сумеснай» манаграфіі без увагі, каб М. Папоў быў жывы і здаровы і мог бы сам разабрацца ў сітуацыі, — піша Лісейчыкаў. — Але паколькі Міхаіл ужо не зможа сказаць слова ў абарону свайго аўтарства, лічу сваім абавязкам данесці да навуковай грамадскасці сітуацыю з дзвюма манаграфіямі-«блізнятамі», выдадзенымі паводле вынікаў яго дысертацыйнага даследавання. Калі пакідаць такія моманты без увагі, то, хто ведае, магчыма, у хуткім часе мы зможам убачыць новыя працы сучасных беларускіх навукоўцаў у суаўтарстве, напрыклад, з самім С. Богушам-Сестранцэвічам.

У каментары TUT.BY Ганчар адмаўляў факт плагіяту.

— Мы яе [манаграфію] выдавалі сумесна. [Вырашылі] проста выдаць працы яго. Ён мне прыслаў. Мы абмяркоўвалі сумесна выдаць яго напрацоўкі. Я дакументы збіраю і стаўлю, а ён, адпаведна, свой матэрыял дае. І мы выдаём разам пад двума прозвішчамі.

— Але Лісейчыкаў піша пра тое, што вы [толькі] дадалі «Акты Віленскай археаграфічнай камісіі» і матэрыялы адной справы?

— Калі вырашылі выдаць, нічога іншага не было. Тое, што ён [Папоў] рабіў адзін, я нічога не ведаю.

— То бок, гэта было яго даследаванне і ваш падбор дакументаў?

— Так.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?