Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Украіна пацвердзіла тэкст формулы Штайнмаера, якая ўвойдзе ў новы закон аб статусе Данбаса, піша Українська правда.

Паводле яго слоў, формула Штайнмаера будзе імплементавана ў новы закон аб спецыяльным статусе Данбаса, які будзе прыняты ў сувязі з тым, што дзеянне дзеючага закона завяршаецца 31 снежня 2019 года.

Пры гэтым Зяленскі адзначыў, што ў новым законе не «пяройдуць ні адну чырвоную лінію» і «не будзе ніякай капітуляцыі».

«Формула Штайнмаера — гэта адзін-два сказы… Часовы закон пра спецыяльны парадак мясцовага самакіравання ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей… пачынае дзейнічаць на сталай аснове пры ўмове, калі там адбудуцца мясцовыя выбары, праведзеныя згодна з Канстытуцыяй Украіны і заканадаўства Украіны, а таксама пасля публікацыі справаздачы АБСЕ, што выбары прайшлі па стандартах АБСЕ і міжнародных стандартах дэмакратычных выбараў», — растлумачыў Зяленскі.

Паводле яго слоў, гэта азначае, што «ніякіх выбараў пад дулам кулямётаў не будзе і не можа быць».

Зяленскі нагадаў, што існуючы закон пра спецыяльны статус Данбаса дзейнічае да канца 2019 года, яго заменіць іншы закон, які будзе распрацоўваць Вярхоўная Рада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0