Фота з тэлеграм-канала «Мінск і минчанін»
«Гаррамаўтадар» адказаў Міністэрству культуры на запыт аб неабходнасці перафарбаваць жоўтыя вазы на праспекце Незалежнасці. Вярнуць балюстрадзе гістарычны колер паабяцалі ў наступным годзе, піша tut.by.
Супрацоўнікі Міністэрства культуры нядаўна напісалі запыт у Мінгарвыканкам - пра тое, што вазы трэба перафарбаваць у іх гістарычны колер. Гарадскія ўлады пераадрасавалі запыт у «Гаррамаўтадар», у якога вазы на праспекце знаходзяцца на балансе. Прадпрыемства патлумачыла, што працы выканаюць ў наступным годзе.
- Па інфармацыі «Гаррамаўтадара», цяпер па замове Камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама распрацоўваецца канцэпцыя добраўпарадкавання праспекта Незалежнасці на ўчастку ад вуліцы Свярдлова да плошчы Перамогі. Ад вуліцы Янкі Купалы да плошчы Перамогі адрэстаўруюць балюстрады. Улічваючы гэта, а таксама тое, што наступіў неспрыяльны перыяд для правядзення работ, у «Гаррэмаўтадары» лічаць немэтазгодным перафарбоўваць вазы сёлета, — тлумачыць начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Наталля Хвір.
Рэканструкцыю ў гэтай частцы горада ўжо пачалі: рэстаўруюць манумент Перамогі, на праспекце замянілі ліхтары і апоры слупоў.
Міністэрства культуры ўжо не раз пісала ў Мінгарвыканкам, што вазы трэба перафарбаваць. Зараз застаецца чакаць.
«Гаррамаўтадар» падпарадкоўваецца Мінгарвыканкаму, таму апошні можа паўплываць на сваю арганізацыю.
— У адпаведнасці з Законам «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні» ў горада ёсць паўнамоцтвы ажыццяўляць кантроль і праводзіць мерапрыемствы па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. У іх ёсць інфармацыя пра тое, якое каляровае рашэнне ўзгоднена Мінкультуры, гэта іх задача кантраляваць падобныя пытанні. Мы ж спрабуем вырашыць гэта цывілізавана і паказваем на неабходнасць выканання патрабаванняў заканадаўства, — тлумачыць Наталля Хвір.
У Міністэрстве культуры тлумачаць: перад тым як выконваць работы па афарбоўцы фасадаў будынкаў, збудаванняў, архітэктурных элементаў, па законе неабходна выканаць навукова-даследчыя работы, у якія ўваходзіць комплекснае навуковае даследаванне, а таксама фізіка-хімічнае даследаванне складу фарбы, якая ўжывалася першапачаткова. Цяперашняя жоўтая фарба не адпавядае праекту і рэкамендацыям спецыялістаў, якія рабілі экспертнае заключэнне.