Адзін з актывістаў прадпрымальніцкага руху, затрыманы 8 лютага ў Ваўкавыску (Гродзенская вобласць), Юрый Лявонаў пераведзены ў турэмную бальніцу на вуліцы Кальварыйскай у Мінску.
Пра гэта БелаПАН паведаміла яго дачка Юлія Лявонава.

Паводле яе слоў, 16 лютага яна прыехала ў Мінск, каб перадаць бацьку перадачу. «У СІЗА мне сказалі, што ён пераведзены ў бальніцу ў нядзелю, 15 лютага», — сказала Ю.Лявонава.

«Я размаўляла са следчым. Ён паведаміў, што тату паклалі ў Рэспубліканскі турэмны шпіталь на Кальварыйскай вуліцы

з дыягназам «камяні ў нырках».
Такі дыягназ не вельмі праўдападобны. Сам следчы паехаў у Ваўкавыск, і яго ў Мінску няма. Таксама мне не ўдалося звязацца з адвакатам — ён быў недаступны па мабільным тэлефоне. Я прыйшла ў адвакацкую кантору, у якой ён працуе, і мне сказалі, што адвакат у камандзіроўцы», — прадоўжыла Ю.Лявонава.
Паводле яе слоў, да арышту ў яе бацькі праблем з ныркамі не ўзнікала.

***

Нагадаем, Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў і Уладзімір Асіпенка былі затрыманы раніцай 8 лютага ў Ваўкавыску. Санкцыі на затрыманне і вобыск даў пракурор Гродзенскай вобласці.

Паводле звестак упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязей МУС, затрыманыя падазраюцца ва ўчыненні шэрагу цяжкіх злачынстваў, у тым ліку наўмысных падпалаў і ўзрыву маёмасці, што належыць службовым асобам Ваўкавыскага раёна, незаконным захоўванні выбуховых рэчываў і агнястрэльнай зброі. Следства таксама мае звесткі аб замешанасці затрыманых у падрыхтоўцы і ўчыненні серыі іншых цяжкіх злачынстваў — гэтая інфармацыя правяраецца.

Аўтуховічу, Лявонаву і Асіпенку пагражае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўлення волі тэрмінам ад трох да дзесяці гадоў.

Сяргей Пульша, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0