Фота Сяргея Гудзіліна
У студзені 2020 года набудуць моц ініцыянаваныя Міністэрствам абароны змены ў Працоўным і Жыллёвым кодэксах Беларусі. Яны будуць тычыцца салдат, якія прайшлі праз тэрміновую службу і звольніліся ў запас. Пра гэта паведамляе прэс-служба Мінабароны.
Зараз сітуацыя выглядае так. Калі хлопец прызываюць у армію, ён мусіць звольніцца са свайго месца працы. Але калі тэрмін службы заканчваецца, то ўзяць яго назад на тую ж або раўназначную пасаду абавязаны арганізацыі выключна дзяржаўнай формы ўласнасці.
У іх працоўнае месца за цяпер ужо былым салдатам захоўваецца на працягу трох месяцаў пасля даты звальнення ў запас. Цяпер жа гэтая норма пашырыцца і на прыватныя арганізацыі.
Акрамя таго, з 1 студзеня юнакі, якія адслужылі ў войску, атрымаюць першачарговае права на атрыманне месца ў інтэрнаце. Для гэтага трэба будзе прадаставіць адпаведную рэкамендацыю з воінскай часці.
Міністэрства абароны нагадвае, што прапрацоўваюцца яшчэ шэсць відаў прэферэнцый для тых, хто быў прызваны ў армію. Яны тычацца адукацыйнага і сацыяльнага напрамку. Сярод іх — залічэнне тэрміну службы ў страхавы пенсійны стаж і час дзяржаўнай службы.