11 чэрвеня ў менскім Чырвоным касьцёле быў перазахаваны ягоны фундатар Эдвард Вайніловіч. Піша Сяргей Харэўскі.

Падчас урачыстасьці сьпявалі хары, луналі ў паветры чырвоныя балёнікі й белыя галубы. Пэўна, камуністычна-савецкія бонзы круціліся ў трунах. Бо ня іх паклалі пасярод колішняй плошчы Леніна. Пэўна ж і сам пан Вайніловіч, слынны сваімі правымі паглядамі арыстакрат-абшарнік, быў бы зьдзіўлены з гэтай падзеі ня менш. Зьдзіўлены таму, што ён стане адным з самых шанаваных сыноў люду беларускага й яго будуць славіць на сваёй мове тысячы людзей пасярод сталіцы незалежнае Беларусі.

Гадоў якіх дваццаць таму пра гэткае немагчыма было нават марыць. У тым самым касьцёле, што ў памяць пра сваіх заўчасна памерлых дзяцей паставіў пан Эдвард Вайніловіч, быў Дом кіно. У ім адбываліся перадпракатныя прагляды замежных фільмаў, на якіх вырашалася, ці можна гэта паказваць люду простаму, ці не. Зрэшты, шмат чаго й добрага адбылося ў гэтых намоленых мурах. На свае грошы гэты касьцёл мэцэнат і асьветнік Вайніловіч пабудаваў у 1910 годзе.

Адзін з найбагацейшых абшарнікаў Беларусі, ён скончыў Слуцкую гімназію, Пецярбурскі тэхналягічны інстытут, стажыраваўся ў Нямеччыне, Бэльгіі, Галяндыіі. Вучыўся й падарожнічаў па Італіі. Сваю працоўную біяграфію арыстакрат Вайніловіч пачаў у Бэрліне простым работнікам на заводзе паравозаў «Борсыка» і працаваў да 1870 г. Затым быў інжынэрам-мэханікам на Пуцілаўскім заводзе ў Пецярбургу. Але родная зямелька цягнула яго да сябе няўмольна. Ён, па вяртаньні ў Беларусь, з усім імпэтам заняўся сельскай гаспадаркай.

Калі тут у 1876 г. было заснавана Сельскагаспадарчае таварыства, малады і выдатна адукаваны Вайніловіч актыўна ўдзельнічае ў працы Таварыства і становіцца яго старшынём. Шмат сродкаў Эдвард Вайніловіч ахвяраваў на пабудову храмаў, прычым ня толькі каталіцкіх касьцёлаў, але таксама праваслаўных цэркваў і сынагог. Яго слушна цяпер называюць першым беларускім экумэністам. Ягоная зычлівасьць да чалавека, незалежна ад веравызнаньня, дзівіла сучасьнікаў: ён стварыў камітэт абароны правоў жыдоў і татараў-мусульманаў у Клецку. Вялікі беларускі абшарнік, ён дапамагаў працавітым, але бедным сялянам, бараніў іх інтарэсы ў расейскай Думе, засноўваў земляробчыя банкі і дзіцячыя прытулкі.

Больш за 35 гадоў Вайніловіч быў ганаровым судзьдзём Слуцкага павету. Ён тройчы выбіраўся ў Дзяржаўную думу Расеі, дзе бараніў справы Беларусі й Літвы. Вайніловіч, як мага, падтрымліваў беларушчыну.

Фундаваў першае беларускае легальнае выдавецкае таварыства «Загляне сонца і ў наша аконца», часопісы «Лучынка» і «Саха», газэту «Наша Ніва», каталіцкі штотыднёвік «Bieіarus», фундаваў газэту «њvietaж». Дзейнасьць ягоная на гэтай ніве перакрэсьлівае нашыя ўяўленьні пра «мужыцкасьць» беларускай ідэі. У 1917–1918 гадох ён браў самы чынны ўдзел у беларускім палітычным жыцьці, удзельнічаў у паседжаньнях ураду БНР.

Каб паспрыяць паразуменьню польскай і беларускай інтэлігенцыі, Эдвард Вайніловіч выступіў адным з ініцыятараў стварэньня ў 1919 г. Польска-беларускага таварыства, у якое ўвайшлі княгіня Магдалена Радзівіл, граф Эмэрык Чапскі, архітэктар Лявон Вітан-Дубейкаўскі ды іншыя вядомыя асобы. Ён верыў, што ў польскай супольнасьці пераможа ідэя салідарнасьці зь беларускім народам. Менавіта ў палацы Вайніловіча падчас збройнага чыну 1920 году праходзіў зьезд паўстанцкай рады Случчыны. Ратуючыся ад бальшавікоў, Эдвард Вайніловіч у 1919 годзе пакінуў Беларусь і памёр у польскім горадзе Быдгашчы.

А ў 1882 г. пан Эдвард Вайніловіч пабраўся шлюбам з Алімпіяй Узлоўскай. Вайніловіч стаў узорным мужам і бацькам. Але Бог забраў у яго дзяцей. Менавіта ў гонар дзяцей ён пабудаваў у Менску Чырвоны касьцёл. Замест крыўды на Бога пан Эдвард сабраўся з духам і збудаваў храм у гонар Сымона апостала і сьвятой Алены, якая знайшла крыж Хрыста. Паводле паданьня, перад сваім сконам ягоная дачка Алена намалявала гэты касьцёл, патлумачыўшы, што гэткім яго ёй паказалі ў сьне анёлы. І папрасіла збудаваць яго такім, якім яна яго ўбачыла ў сьне. Пан Вайніловіч на магіле сваёй дачкі, 19-гадовай Алены, загадаў выбіць гэткія словы: «Я не памерла, я адыходжу, каб жыць». І выканаў яе просьбу.

Архітэктары Тамаш Пайздэрскі з Уладзіславам Марконі стварылі праект у раманскім духу. Будаўніцтва ажыцьцяўляў славуты менскі дойлід Генрык Гай. Аздоблены быў касьцёл на сродкі графа Чапскага й сям’і Скірмунтаў. Паводле яшчэ аднаго паданьня, цэглу й дахоўку дастаўлялі з самае Чанстаховы, зь Яснай Гары. Але насамрэч іх прывезьлі з Коўны. Вітражы й росьпісы выканаў мастак са Случчыны Францішак Бруздовіч, а аўтар скульптуры – Атан Краснапольскі, вядомы менскі майстар і дойлід.

20.09.1910 г. паводле жаданьня галоўнага фундатара, Эдварда Вайніловіча, архібіскупам Ключынскім храм быў асьвячоны.

У мінулую нядзелю тысячы вернікаў і цікаўных прыйшлі ў менскі Чырвоны касьцёл, дзе праходзіў урачысты перанос парэшткаў Эдварда Вайніловіча. Зьзяла яркае сонца, луналі каляровыя стужкі й сьцяжкі, граў аркестар. Упершыню ў нашай гісторыі адбываецца падзея такога маштабу. Труну памерлага ў 1928 годзе на чужыне, у польскім Быдгашчы, пана Вайніловіча віталі біскуп Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка, пробашч Чырвонага касьцёлу Ўладыслаў Завальнюк і вернікі. Перапахаваньне адбылося ў касьцельнай нішы побач з галоўным уваходам, пад выяваю Хрыста Збаўцы. Пан вярнуўся. Праз 78 гадоў.

Вечная памяць!

Фота Юліі Дарашкевіч

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру