Брэсцкі міжраённы аддзел Следчага камітэта спыніў крымінальны пераслед актывіста кампаніі па барацьбе з акумулятарным заводам Майсея Мазько. Пастанова датуецца 3 верасня, атрымаў яе на рукі актывіст 4 кастрычніка, паведамляе Брэсцкая газета.

Актывіст падазраваўся ў тым, што пры нявысветленых абставінах незаконна набыў 30 спартыўна-паляўнічых патронаў, якія з'яўляюцца боепрыпасамі да пісталетаў, паляўнічых вінтовак і карабінаў, камбінаваных паляўнічых стрэльбаў, і незаконна захоўваў іх у аўтамабілі. Нагадаем, 2 красавіка гэтага года патроны былі знойдзеныя падчас агляду машыны, за рулём якой быў Мазько. Яго затрымалі, а 3 красавіка завялі крымінальную српаву.

Майсей Мазько сваю віну не прызнаваў з першага дня. Ён заявіў, што не ведаў, што ў машыне захоўваюцца боепрыпасы. Аўтамабіль належыць жаночаму манастыру, у якім Майсей Сцяпанавіч служыць эканомам.

Акрамя Майсея Мазько, падазраваным па гэтай крымінальнай справе праходзілі яго сын Дзяніс і яшчэ два чалавекі. Тэрмін папярэдняга следства некалькі разоў працягваўся, але віну падазраваных даказаць не ўдалося.

Жыхар вёскі Тэльмы Брэсцкага раёна Майсей Мазько з'яўляецца ўдзельнікам ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Брэстам. Ён быў сярод першых, хто пачаў барацьбу з будаўніцтвам каля горада гэтага прадпрыемства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0